Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 138 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 138

1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Госпадзе! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш.

2 Ты ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю; Ты разумееш думкі мае здалёк.

3 Ці іду я, ці адпачываю, - Ты акружаеш мяне і ўсе дарогі мае Табе вядомыя.

4 Яшчэ слова няма на мове маёй, - Ты, Госпадзе, ужо ведаеш яго дасканала.

5 Ззаду і сьпераду атачыў Ты мяне і кладзеш на мяне руку Тваю.

6 Дзіўнае мне Тваё веданьне - высока, дасягнуць яго не магу!

7 Куды пайду ад Духа Твайго, ад аблічча Твайго куды ўцяку?

8 Ці на неба ўзыду - Ты там; ці сыду ў апраметную - і там Ты.

9 Ці вазьму крылы золку і перасялюся на край мора, -

10 і там рука Твая мяне павядзе, і ўтрымае мяне правіца Твая.

11 Ці скажу: можа, цемра ўкрые мяне, і сьвятло навокал мяне зробіцца ноччу;

12 але і цемра Цябе ад мяне не зацемрыць, і ноч сьветлая, быццам дзень; як цемра, так і сьвятло.

13 Бо Ты ўладзіў вантробы мае і выткаў мяне ў чэраве маці маёй.

14 Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсьведамляе гэта,

15 Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі мяне ў таямніцы стваралі, складалі мяне ў глыбіні нутрыны.

16 Зародак мой бачылі вочы Твае; у Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было.

17 Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам!

18 Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску, калі прачынаюся, я ўсё Яшчэ з Табою.

19 О, калі б Ты, Божа, пабіў бязбожнага! Адыдзеце ад мяне, крыважэрныя!

20 Яны гавораць супроць Цябе бязбожна; марнае намышляюць ворагі Твае.

21 Ці ж мне ненавідзець Тваіх ненавісьнікаў, Госпадзе, і не пагрэбаваць тымі, што паўстаюць на Цябе?

22 Поўнаю нянавісьцю ненавіджу іх; ворагі яны мне.

23 Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае,

24 і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны.

Сачыце за намі:



Аб'явы