Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


МАЦЬВЕЯ 11 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
МАЦЬВЕЯ 11

Мц 11

1 І сталася, калі закончыў Ісус настаўленьні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іхніх.

2 А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх

3 сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?

4 І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце:

5 сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць,

6 і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне.

7 Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?

8 Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх.

9 Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым прарока.

10 Бо ён той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».

11 Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго.

12 Ад дзён жа Яна Хрысьціцеля да сёньня Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што руплівасьць ужываюць, здабываюць яго;

13 бо ўсе прарокі і закон прадвясьцілі да Яна.

14 І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.

15 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.

16 Да каго ж прыпадобню род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, зьвяртаючыся да сваіх сяброў,

17 кажуць: «мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі».

18 Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п'е; і кажуць: «у ім дэман».

19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажуць: «вось, чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе.

20 Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся.

21 Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў вярэце і ў попеле пакаяліся;

22 але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам.

23 І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся; бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сёньняшні дзень;

24 але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе.

25 Тым часам, далей прамаўляючы, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям;

26 так, Войча! бо такое было Тваё ўпадабаньне.

27 Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец; і Айца ня ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць.

28 Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас;

29 вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым;

30 бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.