Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ДРУГІ ЗАКОН 33 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ДРУГІ ЗАКОН 33

ДРУГ 33

1 Вось дабраславеньне, якім Майсей, муж Божы, дабраславіў сыноў Ізраілевых перад сьмерцю сваёю.

2 Ён сказаў: Гасподзь прыйшоў ад Сіная, адкрыўся ім ад Сэіра, успрамяніўся ад гары Фарана і ішоў з процьмай сьвятых; праваруч Яго сьветач закона.

3 У ісьціне Ён любіць народ; усе прысьвечаныя Яго ў руцэ Тваёй, і яны прыпалі да ступакоў Тваіх, каб уважаць словам Тваім.

4 Закон даў нам Майсей, спадчыну супольству Якава.

5 Ён быў царом Ізраіля, калі зьбіраліся правадыры народу разам з плямёнамі Ізраілевымі.

6 Хай жыве Рувім і хай не памірае, і Сымон хай ня будзе малы лікам!

7 А пра Юду сказаў гэта: пачуй, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народу ягонага; рукамі сваімі хай абароніць ён сябе, і ты будзь памочнікам супроць ворагаў ягоных.

8 І пра Лявія сказаў: тумім Твой і урым Твой на сьвятым мужу Тваім, якога Ты ўдасьведчыў у Масе, зь якім ты спрачаўся каля водаў Мэрывы,

9 які кажа пра бацьку свайго і пра маці сваю: «я на іх не гляджу», і братоў сваіх не прызнае, і сыноў сваіх ня ведае; бо яны, лявіты, словы Твае захоўваюць і запавету Твайго трымаюцца,

10 вучаць законам Тваім Якава і запаведзям Тваім Ізраіля, ускладаюць дымленьне прад аблічча Тваё і цэласпаленьні на ахвярнік Твой;

11 дабраславі, Госпадзе, сілу ягоную і дзеі рук ягоных удабраволі, пабі паясьніцу тых, што паўстаюць на яго, і ненавісьнікаў ягоных, каб яны не маглі стаяць.

12 Пра Веньяміна сказаў: любасны Госпаду жыве ў Яго ў бясьпецы, Бог спрыяе яму кожны дзень, і ён пакоіцца паміж плячамі Ягонымі.

13 Пра Язэпа сказаў: хай дабраславіць Гасподзь зямлю ягоную жаданымі дарамі неба, расою і дарамі бездані, якая ляжыць унізе,

14 жаданымі пладамі ад сонца і жаданымі пладамі месяца,

15 найвыдатнейшымі пладамі гор старадаўніх і жаданымі пладамі пагоркаў вечных,

16 і жаданымі дарамі зямлі і таго, што напаўняе яе; дабраславеньне Таго, Хто зьявіўся ў цярновым кусьце хай прыйдзе на галаву Язэпа і на цемя найлепшага з братоў сваіх;

17 моцнасьць яго як у першароднага цяляці, і рогі ў яго, як рогі ў буйвала; імі пабора ён народы ўсе да краёў зямлі: гэта процьма Яфрэмавая, гэта тысячы Манасііныя.

18 Пра Завулона сказаў: радуйцеся, Завулоне, на шляхах тваіх, і Ісахар, у намётах тваіх;

19 склікаюць яны народ на гару, там колюць законныя ахвяры, бо яны кормяцца багацьцем мора і скарбамі, схаванымі ў пяску.

20 Пра Гада сказаў: дабраславёны той, хто пашырыў Гада; ён пакоіцца як леў, і ламае мышцу і галаву;

21 ён выбраў сабе пачатак зямлі, там пашанаваны надзелам ад заканадаўцы, і прыйшоў з правадырамі народу, і спраўдзіў праўду Госпада і суды зь Ізраілем.

22 Пра Дана сказаў: Дан малады леў, які выбягае з Васана.

23 Пра Нэфталіма сказаў: Нэфталім напоўнены ўпадабаньнем і поўны дабраславеньня Госпада; мора і поўдзень у валоданьні ягоным.

24 Пра Асіра сказаў: дабраславёны паміж сынамі Асір, ён будзе любімы братамі сваімі і - мочыць у алей нагу сваю;

25 жалеза і медзь - засаўкі твае; як дні твае, будзе множыцца багацьце тваё.

26 Няма падобнага на Бога Ізраілевага, які па небе прыляцеў памагчы табе і ў славе Сваёй на аблоках;

27 прыстанішча тваё Бог спрадвечны, і ты пад мышцамі вечнымі; Ён прагоніць ворагаў ад аблічча твайго і скажа: зьнішчай!

28 Ізраіль жыве ў бясьпецы, адзін; вока Якава бачыць перад сабою зямлю багатую хлебам і віном, і нябёсы над ім капаюць расою.

29 Дабрашчасны ты, Ізраіле! Хто падобны да цябе, народзе, ахаваны Госпадам, Які ёсьць шчыт, што асланяе цябе, і меч славы тваёй? Ворагі твае панікнуць перад табою, і ты на шыю ім наступацьмеш.