Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 39 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ЁВА 39

Ёў 39

1 Ці ведаеш ты час, калі нараджаюць дзікія козы на скалах, і ці заўважаў роды казуль?

2 Ці можаш разьлічыць месяцы цяжарнасьці іхняй? і ці ведаеш час родаў іхніх?

3 Яны згінаюцца, нараджаючы дзяцей сваіх, выкідваючы свае ношы;

4 дзеці іхнія ўбіраюцца ў сілу, растуць на полі, сыходзяць і не вяртаюцца да іх.

5 Хто пусьціў дзікага асла на волю, і хто разьвязаў повязі кулану,

6 якому стэп Я прызначыў домам і саланчакі - жытлішчам?

7 Ён сьмяецца з гарадскога шматлюдства і ня чуе крыкаў паганятага,

8 па горах шукае ежы сабе і ганяецца за ўсякаю зелянінаю.

9 Ці захоча аднарог служыць табе і ці заначуе каля ясьляў тваіх?

10 Ці можаш вяроўкаю прывязаць аднарога да баразны, і ці будзе ён за табою баранаваць тваё поле?

11 Ці паспадзяваешся на яго, таму што ў яго вялікая сіла, і ці дасі яму працу тваю?

12 Ці паверыш яму, што ён насеньне тваё верне і складзе на гумно тваё?

13 Ці ты даў прыгожыя крылы паве і перэе і пух страўсу?

14 Ён пакідае яйкі свае на зямлі і на пяску грэе іх,

15 і забывае, што нага можа раздушыць іх і польны зьвер можа растаптаць іх;

16 ён жорсткі да дзяцей сваіх, як бы не да сваіх, і не баіцца, што праца ягоная будзе марная,

17 таму што Бог ня даў яму мудрасьці і не ўдзяліў яму глузду;

18 а калі падымаецца на вышыню, сьмяецца з каня і вершніка ягонага.

19 Ці ты даў каню сілу і апрануў шыю ягоную ў грыву?

20 Ці можаш ты спалохаць яго, як саранчу? Храп ноздраў ягоных - жудасьць;

21 капае нагамі зямлю і захапляецца сілаю; ідзе насустрач зброі;

22 ён сьмяецца зь небясьпекі і не палохаецца і не адварочваецца ад меча;

23 калчан гучыць над ім, бліскае капэё і дзіда;

24 у парыве і лютасьці ён глытае зямлю і ня можа стаяць пры гуку трубы;

25 пры трубным гуку ён падае голас: гу! гу! і здалёк чуе бітву, зычныя галасы правадыроў і крык.

26 Ці тваёю мудрасьцю лётае каршук і кіруе крылы свае на поўдзень?

27 Ці па тваім слове ўзносіцца арол і кладзе на вышыні гняздо сваё?

28 Ён жыве на скале і начуе на зубцы ўцёсаў і на месцах недаступных;

29 адтуль выглядвае сабе ежу: вочы яго глядзяць далёка;

30 птушаняты ягоныя пэюць кроў, і дзе труп, там і ён.

31 І гаварыў Гасподзь далей і сказаў Ёву:

32 ці будзе спаборнік з Усеўладным яшчэ вучыць? Выкрывальнік Бога хай адказвае Яму.

33 І адказваў Ёў Госпаду, і сказаў:

34 вось, я нікчэмны; што буду я адказваць Табе? Руку маю кладу на вусны мае.

35 Аднойчы я казаў, - цяпер адказваць ня буду, нават двойчы, але болей ня буду.