Рым 91 Праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым, 2 што вялікі смутак мой і няспынны боль у сэрцы маім, 3 бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела, 4 якія ёсьць Ізраільцяне, якіх ёсьць усынаўленьне, і слава, і запаветы, і даньне законаў, і служэньне, і абяцаньні, 5 якіх і бацькі, і з якіх Хрыстос паводле цела, Які ёсьць над усімі Бог, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн. 6 Але ня так, што слова Божае ня споўнілася. Бо ня ўсе тыя, што з Ізраіля, Ізраіль, 7 і ня ўсе тыя, якія насеньне Абрагама, дзеці [ягоныя], але: «У Ісааку будзе названае насеньне табе». 8 Гэта значыць, ня дзеці цела ёсьць дзеці Божыя, але дзеці абяцаньня лічацца за насеньне. 9 Бо слова абяцаньня гэткае: «У гэту пару прыйду, і ў Сары будзе сын». 10 I ня толькі, але і Рэбэка зачала за адзін раз ад Ісаака, бацькі нашага. 11 Бо калі яны яшчэ не былі нарадзіўшыся і не зрабілі нічога добрага ці ліхога, каб вызначэньне Божае заставалася паводле выбраньня, не праз учынкі, але праз Таго, Хто кліча, 12 сказана было ёй: «Большы будзе служыць меншаму», 13 як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава зьненавідзеў». 14 Дык што скажам? Няўжо няправеднасьць у Бога? Няхай ня станецца! 15 Бо Ён кажа Майсею: «Зьлітуюся над тым, над кім зьлітуюся, і зьяўлю міласэрнасьць таму, каму зьяўлю міласэрнасьць». 16 Таму [выбраньне залежыць] не ад таго, хто хоча, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, Які літуецца. 17 Бо Пісаньне кажа фараону: «Дзеля таго Я падняў цябе, каб зьявіць на табе сілу Маю і каб імя Маё было абвешчана на ўсёй зямлі». 18 Дзеля гэтага над кім хоча, літуецца, а каго хоча, закамяняе. 19 Дык ты скажаш мне: «Што Ён яшчэ вінаваціць? Бо хто супрацьстане пастанове Яго?» 20 Наадварот, чалавеча! Хто ты такі, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зьлепленае таму, хто зьляпіў: «Навошта ты мяне гэтак зрабіў?» 21 Ці ня мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адно начыньне на пашану, а другое — на ганьбу? 22 Што, калі Бог, хочучы зьявіць гнеў і зрабіць вядомай магутнасьць Сваю, з вялікай доўгацярплівасьцю ашчаджаў начыньні гневу, прыгатаваныя на загубу, 23 каб таксама зрабіць вядомым багацьце славы Сваёй над начыньнямі міласэрнасьці, якія Ён загадзя прыгатаваў на славу, 24 і над намі, якіх паклікаў ня толькі з Юдэяў, але і з паганаў? 25 Як і ў Осіі Ён кажа: «"Ня Мой народ" назаву Маім народам, і "Нялюбую" — улюбёнай. 26 І будзе, што на месцы, дзе сказана было ім: “Вы — ня Мой народ”, — там будуць названыя сынамі Бога Жывога». 27 А Ісая крычыць пра Ізраіль: «Хаця б лічба сыноў Ізраіля была, як пясок марскі, рэштка будзе збаўлена; 28 бо, сканчваючы слова і прысьпешваючы ў праведнасьці, хутка зьдзейсьніць Госпад слова на зямлі». 29 I як раней сказаў Ісая: «Калі б Госпад Магуцьцяў не пакінуў нам насеньня, мы сталіся б, як Садом, і былі б падобнымі да Гаморы». 30 Дык што скажам? Пагане, якія не імкнуліся да праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць праз веру. 31 А Ізраіль, які імкнуўся да закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці. 32 Чаму? Бо не праз веру, але праз учынкі закону. Бо яны спатыкнуліся аб камень спатыкненьня, 33 як напісана: «Вось, Я кладу на Сыёне камень спатыкненьня і скалу згаршэньня; і кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены». |