РЫМЛЯНАЎ 10 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Рым 10 1 Браты! Упадабаньне сэрца майго і просьба да Бога пра Ізраіль на збаўленьне. 2 Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, але не паводле пазнаньня. 3 Бо, не разумеючы праведнасьці Божае і шукаючы паставіць сваю праведнасьць, яны не падпарадкаваліся праведнасьці Божай. 4 Бо канец Закону — Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму, хто верыць. 5 Бо Майсей піша пра праведнасьць паводле Закону, што чалавек, які выканае яго, жыць будзе ім. 6 А праведнасьць праз веру гэтак кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: “Хто ўзыйдзе ў неба?”» — гэта ёсьць Хрыста зьвесьці [на зямлю]; 7 або: «“Хто зыйдзе ў бездань?”» — гэта ёсьць Хрыста з мёртвых вывесьці. 8 Але што кажа? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім», — гэта ёсьць слова веры, якое мы абвяшчаем. 9 Бо калі ты вуснамі тваімі вызнаеш Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім будзеш верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены, 10 бо сэрца верыць дзеля праведнасьці, а вусны вызнаюць дзеля збаўленьня. 11 Бо Пісаньне кажа: «Кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены». 12 Бо няма розьніцы між Юдэем і Грэкам, бо Ён — Госпад усіх, багаты для ўсіх, што прызываюць Яго. 13 Бо кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены. 14 Але як прызываць Таго, у Каго ня вераць? А як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? Як чуць без таго, хто абвяшчае? 15 А як абвяшчаць, калі не былі пасланыя? Як напісана: «Якія прыгожыя ногі таго, хто дабравесьціць супакой, дабравесьціць добрае!» 16 Але ня ўсе паслухаліся Эвангельля, бо Ісая кажа: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?» 17 Таму вера — ад слуханьня, а слуханьне — праз слова Божае. 18 Але кажу: Ці ж яны ня чулі? Наадварот, «на ўсю зямлю пайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету — словы іхнія». 19 Але кажу: Ці ж Ізраіль ня ведаў? Першы Майсей кажа: «Я збуджу ў вас рупнасьць праз [тых, хто] не народ, праз народ, які ня цяміць, раздражню вас». 20 А Ісая адважваецца і кажа: «Мяне знайшлі тыя, якія не шукалі Мяне, Я аб’явіўся тым, якія не пыталіся Мяне». 21 А наконт Ізраіля кажа: «Увесь дзень выцягваў Я рукі Мае да народу, які не скараецца і працівіцца». |