Пс 631 Псальм Давіда, калі ён быў у пустыні Юдэйскай. 2 Божа! Ты — Бог мой! Цябе я шукаю, Цябе прагне душа мая, па Табе тужыць цела маё ў сухой і спрагнёнай зямлі, на бязводзьдзі. 3 Гэтак я ўглядаўся на Цябе ў сьвятасьці Тваёй, каб убачыць моц Тваю і славу Тваю. 4 Бо міласэрнасьць Твая лепшая за жыцьцё; вусны мае хваліць Цябе будуць. 5 Гэтак буду я дабраслаўляць Цябе ў жыцьці маім, у імя Тваё буду рукі мае ўзьнімаць. 6 Быццам тлушчам і тлустасьцю насычаецца душа мая, і сьпевам хвалы будуць хваліць Цябе вусны мае, 7 калі я на ложку маім пра Цябе ўспамінаю, калі ў часе варты [начной] пра Цябе разважаю. 8 Бо Ты быў успамогай мне, і ў ценю крылаў Тваіх буду весяліцца. 9 Прыляпілася да Цябе душа мая, падтрымлівае мяне правіца Твая. 10 А тыя, што шукаюць загубы душы маёй, пойдуць у глыбіні зямлі, 11 будуць аддадзены яны ў рукі мяча, стануцца здабычай шакалаў. 12 І валадар узрадуецца ў Богу; і будзе хваліцца кожны, хто Ім прысягае, бо будуць заткнёныя вусны таго, хто гаворыць хлусьню. |