Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 51 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ПСАЛТЫР 51

Пс 51

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда,

2 калі прарок Натан прыйшоў да яго пасьля таго, як ён увайшоў да Батшэвы.

3 Зьлітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасьці Тваёй, і праз вялікую літасьць Тваю даруй правіны мае!

4 Абмый мяне ўсяго ад беззаконьня майго і ачысьці мяне ад грэху майго.

5 Бо я ведаю правіну маю, і грэх мой перада мною заўсёды.

6 Супраць Цябе, толькі супраць Цябе саграшыў я і ліхое ўчыніў перад вачыма Тваімі, бо Ты праведны ў словах Тваіх і чысты ў судзе Тваім.

7 Вось, я ў беззаконьні нарадзіўся, і ў грэху зачала мяне маці мая.

8 Вось, Табе даспадобы праўда ў нутры, дык дай мне пазнаць мудрасьць у сэрцы маім.

9 Акрапі мяне ізопам, каб я ачысьціўся; абмый мяне, каб я стаўся бялейшым за сьнег.

10 Дай мне пачуць радасьць і вясёласьць, каб узьвесяліліся косткі, якія Ты скрышыў.

11 Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і прабач мне ўсе беззаконьні мае.

12 Сэрца чыстае ствары ў-ва мне, Божа, і дух упэўнены аднаві ў-ва мне.

13 Не адкінь Ты мяне ад аблічча Твайго і Духа Сьвятога Твайго не забірай у мяне!

14 Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго, і духам шляхетным падтрымай мяне,

15 і я буду навучаць адступнікаў шляхам Тваім, і грэшнікі вернуцца да Цябе.

16 Вызваль мяне ад [віны] за кроў, Божа, Бог выратаваньня майго, і язык мой будзе крычаць пра праведнасьць Тваю.

17 Адчыні, Госпадзе, вусны мае, і вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Тваю.

18 Бо Ты не жадаеш ахвяраў, хоць бы я іх даў, і цэласпаленьні не даспадобы Табе.

19 Ахвяра для Бога — скрышаны дух; сэрцам скрышаным і зламаным Ты, Божа, не пагарджаеш!

20 Рабі добрае Сыёну паводле ласкі Тваёй, збудуй муры Ерусаліму.

21 Тады будуць Табе даспадобы ахвяры праведнасьці, цэласпаленьні і ахвяры дасканалыя; тады быкоў узьнясуць на ахвярнік Твой.