ПСАЛТЫР 52 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 52 1 Кіраўніку хору. Навучаньне Давіда, 2 калі прыйшоў Даэг Эдомец, і паведаміў Саўлу, і сказаў яму: «Давід прыйшоў у дом Абімэлеха». 3 Навошта хвалішся злачынствам, волаце? Міласэрнасьць Божая кожны дзень [трывае]! 4 Загубу выдумляе язык твой; як брытва вострая той, які здраду ўчыняе! 5 Ты любіш ліхое больш, чым добрае; хлусьню гаворыш, а ня тое, што праведнае. (Сэлях) 6 Любіш усе словы згубныя, о, язык падступны. 7 Дзеля гэтага Бог скрышыць цябе назаўсёды, схопіць цябе, і вырве цябе з намёту, і выкараніць цябе з зямлі жывых. (Сэлях) 8 І ўбачаць праведнікі, і будуць баяцца, і будуць сьмяяцца з яго: 9 «Вось чалавек, які ня Бога меў сабе апорай, і спадзяваўся на мноства багацьця свайго, і ўмацоўваўся ў зласьлівасьці сваёй». 10 А я, як аліўка зялёная ў Доме Божым, спадзяюся на міласэрнасьць Божую на вякі вечныя. 11 Буду славіць Цябе на вякі за тое, што Ты ўчыніў, і буду спадзявацца на імя Тваё, бо Ты добры адносна багабойных Тваіх. |