Пс 51 Кіраўніку хору: на флейтах. Псальм Давіда. 2 Прыхілі вуха да словаў маіх, ГОСПАДЗЕ, зваж на ўздыханьне маё. 3 Выслухай голас крыку майго, Валадару мой і Божа мой, бо я да Цябе малюся. 4 ГОСПАДЗЕ, раніцаю пачуй голас мой; на досьвітку стану перад Табою і буду ўглядацца. 5 Бо Ты — Бог, Якому недаспадобы няправасьць; злыдзень ня будзе жыць пры Табе! 6 Тыя, што хваляцца сабою, ня будуць стаяць перад вачыма Тваімі, Ты ненавідзіш усіх злачынцаў. 7 Ты зьнішчаеш хлусьлівых; крыважэрнымі і падступнымі брыдзіцца ГОСПАД. 8 А я праз вялікую міласэрнасьць Тваю ўвайду ў Дом Твой, і ў страху Тваім пакланюся ў Сьвятыні сьвятасьці Тваёй. 9 ГОСПАДЗЕ, вядзі мяне ў праведнасьці Тваёй; насупраць ворагам маім выпрастуй шлях Твой перад абліччам маім. 10 Бо няма шчырасьці ў вуснах іхніх; нутро іхняе — распуста; горла іхняе — магіла адчыненая; языком сваім ашукваюць. 11 Абвінаваць іх, Божа! Няхай загінуць яны ад намераў сваіх! За мноства правінаў іхніх адкінь Ты іх, бо яны збунтаваліся супраць Цябе. 12 І няхай радуюцца ўсе, якія ў Табе маюць надзею; няхай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і няхай узрадуюцца ў Табе тыя, якія любяць імя Тваё. 13 Бо Ты дабраслаўляеш праведнага, ГОСПАДЗЕ, і ўпадабаньнем Тваім, як шчытом, засланяеш яго. |