ПСАЛТЫР 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 4 1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Давіда. 2 Калі я клічу, адкажы мне, Божа, Праведнасьць мая! Калі я быў уцісканы, Ты даў мне прастору. Зьлітуйся нада мною і пачуй малітву маю! 3 Сыны людзей, дакуль слава мая зьневажацца будзе, дакуль будзеце любіць марнасьць і шукаць няпраўды? (Сэлях) 4 Спазнайце, што ГОСПАД аддзяліў багабойнага Свайго; ГОСПАД пачуе, калі буду клікаць да Яго. 5 Дрыжыце і не грашыце! Кажыце ў сэрцах вашых на ложках вашых і маўчыце! (Сэлях) 6 Ахвяруйце ахвяры праведнасьці і спадзявайцеся на ГОСПАДА! 7 Шмат тых, якія кажуць: «Хто пакажа нам добрае?» Узьнімі над намі сьветласьць аблічча Твайго, ГОСПАДЗЕ! 8 Ты даў у сэрцы маім большую радасьць, чым маюць яны, сабраўшы збожжа і віна багата. (Сэлях) 9 У супакоі я лягу і засну, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, адзін даеш мне жыць у бясьпецы. |