Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 101 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ПСАЛТЫР 101

Пс 101

1 Псальм Давіда. Пра міласэрнасьць і суд буду сьпяваць; Цябе, ГОСПАДЗЕ, буду выслаўляць.

2 Буду разважаць пра шлях беззаганны. Калі ж Ты прыйдзеш да мяне? Буду хадзіць у беззаганнасьці сэрца майго пасярод дому майго.

3 Не пастаўлю перад вачыма маімі рэчы нягодныя; учынкі паганыя я ненавіджу, не прылепяцца яны да мяне.

4 Сэрца падступнае далёка ад мяне, зла не хачу я і ведаць.

5 Таго, хто ачарняючы, ачарняе таемна бліжняга свайго, я вынішчу; вочы пыхлівыя і сэрца надзьмутае ня буду зносіць.

6 Вочы мае на верных зямлі, каб жылі пры мне. Той, хто ходзіць па шляху беззаганнасьці, будзе служыць мне.

7 Ня будзе ў доме маім жыць той, хто здраду кнуе; той, хто гаворыць хлусьліва, ня будзе стаяць перад вачыма маімі.

8 Раніцаю буду вынішчаць усіх бязбожнікаў зямлі, каб у горадзе ГОСПАДА зьнішчыць усіх злачынцаў.