Нав 21 Узыходзіць разбуральнік перад аблічча тваё, [Нініва]! Захоўвай умацаваньні, паглядай на дарогу, умацоўвай сьцёгны, зьбяры сілы свае, 2 бо вярнуў ГОСПАД веліч Якуба і веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташыцелі і панішчылі вінаградныя галіны іхнія. 3 Шчыты волатаў ягоных чырвоныя, ваяры [апрануты] ў кармазын, калясьніцы блішчаць агнём у дзень падрыхтоўкі да бітвы, і як кіпарысы хістаюцца [дзіды]. 4 Па вуліцах шалёна імчаць калясьніцы і грукочуць на плошчах; выгляд іхні — [полымя] паходні, ляцяць яны як бліскавіцы. 5 [Нініва] ўзгадае пра слаўных сваіх, але яны спатыкнуцца ў хадзе сваёй; яны сьпяшаюцца на муры ейныя, але ўжо стаіць аблога. 6 Брамы рэкаў адчыняцца, і палац растопіцца. 7 І пастаноўлена: яна будзе аголеная, выведзеная [ў палон], і нявольніцы ейныя будуць стагнаць, як галубы, б’ючы сябе ў грудзі. 8 І Нініва — як сажалка водаў ад [пачатку] дзён сваіх, і вось, яны ўцякаюць. “Стойце, стойце!”, але ніхто не заварочвае. 9 Рабуйце срэбра, рабуйце золата, бо няма канца назапашанаму і славе ўсіх рэчаў каштоўных. 10 [Нініва] апусьцелая, спустошаная і спляжаная, і сэрца растала, і калені калоцяцца, і боль у-ва ўсіх сьцёгнах, і абліччы ўсіх счарнелі. 11 Дзе сяліба ільвоў, і дзе жыруюць ільвяняты? Дзе хадзіў леў і ільвіца? Там жыў леў і ніхто не трывожыў [яго]. 12 Леў разьдзіраў здабычу для ільвянятаў сваіх і душыў для ільвіцаў сваіх, і напоўніў здабычай пячоры свае і логавішчы свае — разьдзёртым. 13 Вось, Я супраць цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я спалю сярод дыму калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянятаў тваіх, і Я вынішчу з зямлі здабычу тваю, і ня будзе больш чуваць голас паслоў тваіх. |