НАВУМА 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Нав 1 1 Цяжар адносна Нінівы. Кніга відзежаў Навума Элькашаніна. 2 Бог зайздросны і помсьлівы ГОСПАД; помсьлівы ГОСПАД і Пан гняўлівы. ГОСПАД помсьціць супраціўнікам Сваім і палае гневам на ворагаў Сваіх. 3 ГОСПАД павольны да гневу і вялікі сілаю, і не пакідае без пакараньня вінаватага. ГОСПАД, у буры, у віхуры шлях Ягоны, і хмара — пыл ад ног Ягоных. 4 Ён утаймоўвае мора і высушвае яго, і ўсе рэкі высушвае; марнее Башан і Кармэль, і кветка Лібану вяне. 5 Горы дрыжаць перад Ім, і ўзгоркі растаюць, і зямля паднялася перад абліччам Ягоным, і сусьвет, і ўсе, што жывуць у ім. 6 Перад абліччам абурэньня Ягонага хто ўстаіць? І хто вытрывае жар гневу Ягонага? Ярасьць Ягоная выліваецца, як агонь, і скалы крышацца перад Ім. 7 Добры ГОСПАД, апора ў дзень трывогі, і Ён ведае тых, якія маюць надзею ў Ім, 8 але нястрымнай залевай Ён учыніць загубу месцу [ліхому], і за ворагамі Ягонымі будзе гнацца цемра. 9 Што вы задумалі супраць ГОСПАДА? Ён учыніць загубу, не паўстане ў другі раз бедства. 10 Бо яны спляліся як цярніна, напіліся напоямі [сваімі], і зжарэ іх [агонь] як салому цалкам высхлую. 11 З цябе выйшаў той, які задумаў ліха супраць ГОСПАДА, дарадца Бэліяла. 12 Гэтак кажа ГОСПАД: «Хоць яны бясьпечныя і шматлікія, але яны будуць пасечаныя і зьнікнуць. І Я ўціскаў цябе, але больш ня буду ўціскаць цябе. 13 І цяпер Я зламлю ярмо ягонае, якое на табе, і кайданы твае разарву». 14 І загадаў ГОСПАД супраць цябе, [Нініва]: «Больш ня будзе сеяцца [насеньне] імя твайго. З дому багоў тваіх Я вынішчу [ідалаў] рэзьбленых і [ідалаў] літых. Я зраблю магілу тваю, бо ты праклятая». 15 Вось, на горах ногі дабравесьніка, які абвяшчае супакой. Сьвяткуй, Юда, сьвяты твае, выконвай абяцаньні твае, бо больш ня будзе Бэліял праходзіць па табе; ён цалкам зьнішчаны! |