Мц 251 Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчынаў, якія, узяўшы лямпы свае, выйшлі насустрач жаніху. 2 А пяць з іх былі мудрыя, і пяць — дурныя. 3 Тыя, што былі дурныя, узяўшы лямпы свае, ня ўзялі з сабою алею. 4 А мудрыя ўзялі алей у пасудзінах сваіх разам з лямпамі сваімі. 5 А як жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі. 6 А сярод ночы ўзьняўся крык: “Вось, жаніх ідзе, выходзьце насустрач яму!” 7 Тады ўсталі ўсе тыя дзяўчыны і направілі лямпы свае. 8 Дурныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо лямпы нашыя згасаюць”. 9 А мудрыя адказалі, кажучы: “Каб хапіла і нам, і вам, ідзіце лепш да прадаўцоў і купіце сабе”. 10 Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і падрыхтаваныя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы былі зачыненыя. 11 А пасьля прыходзяць і другія дзяўчыны, кажучы: “Пане, пане! Адчыні нам!” 12 Ён жа, адказваючы, сказаў: “Сапраўды кажу вам: ня ведаю вас”. 13 Дык чувайце, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы. 14 Бо, як чалавек, выяжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і даў ім маёмасьць сваю. 15 І аднаму даў пяць талентаў, а іншаму — два, а іншаму — адзін; кожнаму паводле сілы ягонай, і адразу выехаў. 16 Той, які ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, працаваў з імі і прыдбаў другія пяць талентаў. 17 Гэтаксама і той, [які ўзяў] два, прыдбаў і другія два. 18 А той, які ўзяў адзін, адыйшоўшы, закапаў яго ў зямлю і схаваў срэбра пана свайго. 19 Праз доўгі час прыходзіць пан слугаў тых і рахуецца з імі. 20 І, падыйшоўшы, той, які ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: “Пане, пяць талентаў ты даў мне; вось другія пяць талентаў я прыдбаў на іх”. 21 А пан ягоны прамовіў да яго: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”. 22 Падыйшоўшы, той, які ўзяў два таленты, сказаў: “Пане, два таленты ты даў мне, вось, другія два таленты я прыдбаў на іх”. 23 Прамовіў да яго пан ягоны: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”. 24 А той, які ўзяў адзін талент, падыйшоўшы, сказаў: “Пане, я ведаю цябе, што ты — чалавек жорсткі, які жне, дзе ня сеяў, і зьбірае, дзе не рассыпаў. 25 І, збаяўшыся, я пайшоў і схаваў талент твой у зямлю; вось, трымай тваё”. 26 Адказваючы, пан ягоны сказаў яму: “Злы слуга і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў. 27 Дык мусіў ты аддаць срэбра маё купцам; і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам. 28 Дык вазьміце ў яго талент і дайце таму, які мае дзесяць талентаў. 29 Бо ўсякаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе ўзята ў яго. 30 А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў”. 31 А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй. 32 І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. 33 І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч. 34 Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: “Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету. 35 Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне, 36 быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. 37 Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі? 38 Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі? 39 Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?” 40 І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. 41 Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. 42 Бо Я быў галодны, і вы ня далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне; 43 быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне”. 44 Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?” 45 Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі”. 46 І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае». |