Лікі 51 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «Загадай сынам Ізраіля выдаліць з табару ўсіх пракажоных, хворых на выцёкі і апаганеных ад нябожчыка. 3 Як мужчыну, так і жанчыну выдаліце па-за табар, каб не паганілі табару, дзе Я жыву сярод вас». 4 І зрабілі так сыны Ізраіля, і выдалілі іх па-за табар; як прамовіў ГОСПАД да Майсея, так і зрабілі сыны Ізраіля. 5 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 6 «Прамоў да сыноў Ізраіля: “Калі мужчына або жанчына дапусьціцца нейкага грэху адносна людзей, і парушыць загад ГОСПАДА, будзе вінаватая душа гэтая. 7 Няхай яны вызнаюць грэх свой, які ўчынілі, і аддадуць аднагароджаньне таму, перад кім саграшылі, з дадаткам пятай часткі. 8 Калі ў яго няма чалавека, якому мог бы зьвярнуць, аднагарадзжэньне будзе для ГОСПАДА, аднагараджэньне гэта будзе для сьвятара, апрача барана перамольваньня, якім будзе перамольваць за [грэх]. 9 Усе сьвятыя дары, якія прыносяць сьвятару сыны Ізраіля, яму належаць. 10 Сьвятыя [дары] кожнагачалавека, якія нехта прынясе сьвятару, будуць належаць [сьвятару]”». 11 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 12 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Муж, жонка якога здрадзіць яму, і будзе няверная яму нявернасьцю, 13 і ляжа з ёй [чужы] мужчына, і вылье насеньне, і гэта будзе схавана ад мужа ейнага, і яна будзе нячыстай, але няма сьведкаў і яе не злавілі [на распусьце], 14 і дух рэўнасьці зыйдзе на мужа, і ён будзе рэўнаваць жонку сваю, што яна занячысьцілася, або зыйдзе на яго дух рэўнасьці, і ён будзе рэўнаваць жонку сваю, а яна не занячысьцілася, 15 няхай прывядзе муж жонку сваю да сьвятара і складзе ў ахвяру за яе дзясятую частку эфы мукі ячменнай, але ня вылье на яе алею і не пакладзе кадзіла, бо гэта ахвяра рэўнасьці, ахвяра выяўленьня, якая мае выявіць віну. 16 І няхай прывядзе сьвятар [жанчыну], і паставіць яе перад абліччам ГОСПАДА. 17 І возьме сьвятар асьвячонай вады ў посуд гліняны, і возьме сьвятар пыл з падлогі Сялібы, і ўсыпле ў ваду. 18 І паставіць сьвятар жанчыну перад абліччам ГОСПАДА, і адкрые [валасы] на галаве жанчыны, і паложыць на яе далоні ахвяру выяўленьня, ахвяру рэўнасьці; і ў руцэ сьвятара будзе вада горкая, [якая нясе] праклён. 19 І запрысягне сьвятар жанчыну, і скажа ёй: “Калі ніводзін мужчына не ляжаў з табой, і калі з іншым ты не занячысьцілася адносна мужа твайго, тады вада горкая, [якая нясе] праклён, ачысьціць цябе. 20 А калі ты здрадзіла мужу свайму і сталася нячыстая, і іншы мужчына, а ня муж твой ляжаў з табой, выліваючы [насеньне],” — 21 і сьвятар запрысягне жанчыну прысягай праклёну, і скажа сьвятар жанчыне: “Няхай аддасьць цябе ГОСПАД на праклён і закляцьце ў народзе тваім, і няхай зробіць ГОСПАД, што ўпадзе сьцягно тваё і апухне жывот твой. 22 І ўвойдзе вада праклёну ў нутро тваё, каб апух жывот твой і ўпала сьцягно тваё”. І скажа жанчына: “Амэн, амэн”. 23 І напіша сьвятар на скрутку [словы] праклёну, і змые іх вадою горкаю, 24 і напоіць жанчыну вадою горкаю, [якая нясе] праклён, і вада праклёну ўвойдзе ў яе і [спрычыніць] горкі боль. 25 І возьме сьвятар з рук жанчыны ахвяру рэўнасьці, і патрасе перад абліччам ГОСПАДА як ахвяру хлебную, і складзе яе на ахвярніку. 26 І возьме жменяй частку ахвяры хлебнай як памятную частку, і спаліць яе на ахвярніку, а пасьля дасьць жанчыне выпіць вады. 27 І вып’е жанчына ваду і калі была яна нячыстай і нявернай мужу свайму, вада праклёну ўвойдзе ў яе, і [справіць] горкі боль, ўпадзе сьцягно ейнае і жывот ейны апухне, і станецца тая жанчына праклятаю ў народзе сваім. 28 А калі тая жанчына не была нячыстай, але яна чыстая, будзе ачышчаная і народзіць нашчадкаў”. 29 Гэта закон адносна рэўнасьці, калі жонка здрадзіць мужу свайму і станецца нячыстай. 30 Або калі на мужа зыйдзе дух рэўнасьці і ён будзе рэўнаваць жонку сваю, і ён паставіць яе перад абліччам ГОСПАДА, і сьвятар зробіць усё паводле закону гэтага. 31 І будзе муж чысты ад віны, а тая жонка панясе віну сваю». |