Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛІКІ 6 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Лікі 6

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі нейкі мужчына або жанчына складуць шлюбаваньне назіру, каб пасьвяціцца ГОСПАДУ,

3 мусяць яны ўстрымацца ад віна і сікеры, воцату з віна і воцату з сікеры ня будуць піць, і ўсякага піцьця з вінаграду ня будуць піць. Сьвежага вінаграду і сушанага ня будуць есьці.

4 У-ва ўсе дні пасьвячэньня свайго ня будзе [такі чалавек] есьці нічога з вінаграду, ад недасьпелага вінаграду аж да выцісканага.

5 Усе дні пасьвячэньня ягонага нажніцы не дакрануцца галавы ягонай. Аж споўняцца дні, на якія ён пасьвяціўся ГОСПАДУ, будзе ён сьвяты і мае даць свабоду валасам расьці на галаве ягонай.

6 Усе дні пасьвячэньня ягонага ГОСПАДУ не наблізіцца ён да нябожчыка.

7 Няхай пры пахаваньні бацькі, маці, брата або сястры не занячысьціцца, бо пасьвячэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.

8 У-ва ўсе дні пасьвячэньня свайго сьвятым будзе ён для ГОСПАДА.

9 А калі хто раптам пры ім памрэ, і ён занячысьціць галаву пасьвячэньня свайго, ён абстрыжэ галаву ў сёмы дзень, у дзень ачышчэньня свайго паголіць яе.

10 А ў восьмы дзень прынясе дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў сьвятару да ўваходу ў Намёт Спатканьня.

11 Аднаго складзе сьвятар у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня і перапросіць за яго, бо ён саграшыў дзеля нябожчыка, і ў той дзень будзе пасьвячоная галава яго.

12 І зноў пасьвяціць ён ГОСПАДУ дні пасьвячэньня свайго, і прывядзе ў ахвяру ягня аднагадовае як аднагараджэньне, а дні папярэднія ня будуць залічаны, бо ён занячысьціў пасьвячэньне сваё.

13 І вось закон пасьвячэньня. У дзень, калі скончацца дні, якія шлюбаваў, прывядуць яго да ўваходу ў Намёт Спатканьня,

14 і ён прынясе ў ахвяру ГОСПАДУ адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэласпаленьня, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, і аднаго барана без заганы ў ахвяру мірную,

15 і кошык праснакоў з мукі пшанічнай, запраўленых алеем, і аладак прэсных, памаза­ных алеем, і [належную] ахвяру хлебную і ахвяру вадкую.

16 Сьвятар занясе ўсё гэта перад аблічча ГОСПАДА і складзе ахвяру за грэх і ахвяру цэласпаленьня.

17 Барана ён складзе ГОСПАДУ ў ахвяру мірную разам з кошыкам праснакоў, і скла­дзе сьвятар ахвяру хлебную і ахвяру вадкую.

18 І абстрыжэ назір каля ўваходу ў Намёт Спатканьня галаву пасьвячэньня свайго, і кіне валасы ў агонь, у якім [гарыць] ахвяра мірная.

19 І возьме сьвятар звараную лапатку барана, праснак з каша і прэсную аладку, і скла­дзе іх на далоні назіра пасьля таго, як пастрыжэ ён [галаву] пасьвячэньня свайго.

20 І сьвятар будзе патрэсваць іх патрэсваньнем перад абліччам ГОСПАДА, бо гэта [дар] сьвяты, які [належыць] сьвятару, апрача грудзіны патрасанай і пляча ахвяраванага. І пасьля гэтага назір можа піць віно.

21 Гэта закон адносна назіра, які шлюбаваў ахвяру сваю ГОСПАДУ за пасьвячэньне сваё апрача таго, што дазволіць яму рука ягоная. Паводле шлюбаваньня свайго, якое [прамовілі]вусны ягоныя, ён зробіць, паводле закону пасьвячэньня свайго».

22 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

23 «Прамоў да Аарона і сыноў ягоных, кажучы: “Гэтак вы будзеце дабраслаўляць сыноў Ізраіля і казаць ім:

24 "Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД і захавае цябе!

25 Няхай спагадна гляне ГОСПАД на цябе і зьлітуецца над табою!

26 Няхай зьверне ГОСПАД аблічча Сваё на цябе і дасьць табе супакой!"

27 Няхай так заклікаюць імя Маё на сыноў Ізраіля, і Я буду дабраслаўляць іх”».

Сачыце за намі:



Аб'явы