Эзк 421 І ён вывеў мяне на панадворак вонкавы шляхам у накірунку на поўнач і завёў мяне ў пакой, які насупраць адгароджанай прасторы і насупраць будынку з паўночнага боку. 2 З пярэдняга боку даўжыня ягоная — сто локцяў, выхад на поўнач, а шырыня — пяцьдзясят локцяў. 3 Насупраць — дваццаць [локцяў] панадворку ўнутранага, і насупраць — узвышэньне, якое на панадворку вонкавым, і галерэі адна ўздоўж другой на трох [паверхах]. 4 А перад пакоямі праход шырынёю ў дзесяць локцяў унутры, на адлегласьць у сто локцяў, і ўваход у яго з поўначы. 5 Верхнія пакоі былі вузейшыя за ніжнія і сярэднія [пакоі] будынку, бо галерэі займалі частку [прасторы]. 6 Былі яны трохпавярховыя і ня мелі слупоў такіх, як слупы на панадворках, і таму былі вузейшыя за ніжнія і сярэднія, якія на зямлі. 7 А мур, які звонку ўздоўж пакояў у накірунку вонкавага панадворку насупраць пакояў, [меў] даўжыню ў пяцьдзясят локцяў. 8 Бо даўжыня пакояў, якія пры вонкавым панадворку, — пяцьдзясят локцяў, а тых, што перад Сьвятыняй — сто локцяў. 9 А пад тымі пакоямі — праход ад усходу, калі ўваходзіць у іх з вонкавага панадворку. 10 На шырыню муру панадворку шляхам на поўдзень перад адгароджанай прасторай і перад будынкам — пакоі. 11 І дарога перад імі, як [уваход] у пакоі, якія на шляху на поўнач, як у даўжыню, так і ў шырыню, з усімі іхнімі выхадамі, уладкаваньнямі і ўваходамі. 12 А ўваходы ў пакоі, якія на шляху на поўдзень, былі як уваход на пачатку праходу, які перад адпаведным мурам, на шляху на ўсход, калі ўваходзіць у яго. 13 І сказаў ён мне: «Пакоі паўночныя і пакоі паўднёвыя, якія перад адгароджанай прасторай, гэта пакоі сьвятыя, дзе сьвятары, якія набліжаюцца да ГОСПАДА, спажываюць сьвятое сьвятых; там яны складаюць сьвятое сьвятых, ахвяры хлебныя, ахвяры за грэх і ахвяры аднагараджэньня, бо гэта месца сьвятое. 14 Калі сьвятары ідуць [пасьля служэньня], яны не павінны выходзіць з гэтага месца сьвятога на вонкавы панадворак, але там скінуць шаты свае, у якіх [спраўляюць] служэньне сваё, бо яны сьвятыя, і апрануць шаты іншыя, і [тады] наблізяцца да [месца, прызначанага] для народу». 15 І ён скончыў мераць унутраныя [будынкі] Дому [Божага], павёў мяне шляхам да брамы, зьвернутай на шлях на ўсход, і зьмераў з усіх бакоў наўкола. 16 Ён зьмераў бок усходні прутом меральным: пяцьсот прутоў прутом меральным наўкола. 17 Зьмераў бок паўночны: пяцьсот прутоў прутом меральным наўкола. 18 І зьмераў бок паўднёвы: пяцьсот прутоў прутом меральным. 19 І павярнуўся да заходняга боку, і намераў пяцьсот прутоў прутом меральным. 20 Ён зьмераў чатыры бакі. Мур быў з усіх бакоў наўкола даўжынёю ў пяцьсот і шырынёю ў пяцьсот [прутоў], каб аддзяліць сьвятое ад звычайнага. |