Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ДРУГІ ЗАКОН 33 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ДРУГІ ЗАКОН 33

Друг 33

1 Гэта дабраславенства, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраіля перад сьмерцю сваёй.

2 І ён сказаў: «ГОСПАД прыйшоў з Сынаю і з Сэіру зыйшоў да іх; зьявіўся з гары Паран і прыйшоў з дзясяткамі тысячаў сьвятых, з правіцы Ягонай агонь палае.

3 Сапраўды Ён любіць народы. Усе сьвятыя Твае ў руцэ Тваёй, і яны туляцца да ног Тваіх, слухаюць словы Твае.

4 Закон даў нам Майсей, спадчыну збору Якуба.

5 І быў [выбраны] ў Ешуруна валадар на сходзе князёў народу разам з каленамі Ізраіля.

6 Няхай жыве Рубэн і няхай не памірае, і няхай будзе [нейкі] лік сьмяротных [людзей] ягоных».

7 Гэта ён сказаў да Юды: «Выслухай, ГОСПАДЗЕ, голас Юды і прывядзі яго да народу Свайго. Рукою Тваёю ваюй за яго і дапамажы яму супраць прыгнятальнікаў ягоных».

8 Да Левія сказаў: “Тумім Твой і урым Твой дай чалавеку сьвятому Твайму, якога Ты выпрабаваў у Масе і з якім спрачаўся ля водаў Мэрывы.

9 Ён пра бацьку свайго і маці сваю сказаў: "Ня ведаю вас". І не пазнаў братоў сваіх, і сыноў сваіх ня ведае, бо яны захоўваюць загады Твае і запавет Твой пільнуюць.

10 Яны вучаць Якуба пастановам Тваім і [навучаюць] Ізраіля Закону Твайму; і паляць кадзіла ў ноздры Твае, і цэласпаленьні — на ахвярніку Тваім.

11 Дабраславі, ГОСПАДЗЕ, моц ягоную і прымі працу рук ягоных. Стаўчы сьцёгны тых, якія паўстаюць на яго, і тыя, што зьненавідзелі яго, няхай не падымуцца».

12 Да Бэн’яміна сказаў: «Улюбёны ГОСПАДАМ бу­дзе жыць у бясьпецы пры Ім. Ён будзе засланяць яго ўсе дні, і супачыне ён у рамёнах Ягоных”.

13 Да Язэпа сказаў: “Дабраслаўлёная ГОСПАДАМ зямля ягоная дарамі неба, расою, крыніцамі бездані падземнай,

14 дарамі сонца і пладамі месяца,

15 багацьцем гор спрадвечных і пладамі ўзгоркаў адвечных,

16 пладамі зямлі і поўняй яе. Ласка Таго, Хто аб’явіўся ў кусьце, няхай зыйдзе на галаву Язэпа і на цемя пасьвячонага сярод братоў сваіх.

17 Прыгажосьць ягоная — як першароднага быка, і рогі ягоныя — як рогі аднарога, імі ён збадае народы аж да канца зямлі. Такія дзясяткі тысячаў Эфраіма, і такія тысячы Манасы».

18 І да Завулёна сказаў: “Радуйся, Завулён, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у намётах тваіх!

19 Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры праведнасьці. Яны будуць карыстацца шчодрасьцю мора і багацьцямі, схаванымі ў пяску».

20 Да Гада сказаў: «Дабраслаўлёны той, хто пашырае Гада! Як леў будзе ён жыць, ён разарве рамяно і цемя.

21 І ён убачыць пяршыны свае, бо там памешчана частка правадыра, і ён выходзіў на чале народу, і рабіў праведнае перад ГОСПАДАМ, і [чыніў] прысуды Ягоныя адносна Ізраіля».

22 Да Дана сказаў: «Дан — ільвянятка, якое выскоквае з Башану».

23 Да Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены ласкаю і поўны дабраславенства ГОСПАДА; ён завалодае морам і поўднем».

24 Да Асэра сказаў: «Дабраслаўлёны Асэр між сынамі! Няхай ён будзе даспадобы братам сваім і няхай будзе мачыць у алеі нагу сваю.

25 З жалеза і медзі засаўкі твае, як дні твае, [трывае] сіла твая».

26 «Няма такога, як Бог Ешуруна, Які ідзе па небе на дапамогу табе і ў велічнасьці Сваёй [ідзе] па воблаках.

27 Прыбежышча тваё — Бог спрадвечны, абарона твая — рамёны вечныя. Ён выганіць перад абліччам тваім ворага і скажа: “Зьнішчы”.

28 Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю збожжа і віна, і з нябёсаў ягоных кроплямі падае раса.

29 Шчасьлівы ты, Ізраіль! Хто [падобны] да цябе, народ, якога збавіў ГОСПАД. Ён — шчыт абароны тваёй і меч велічнасьці тваёй. Ворагі твае скараюцца перад абліччам тваім, і ты будзеш таптаць каркі іхнія».