Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


БЫЦЦЁ 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
БЫЦЦЁ 11

Бц 11

1 І была на ўсёй зямлі адна мова і адны словы.

2 І сталася, калі яны вандравалі з усходу, знайшлі раўніну ў зямлі Шынаар і там пасяліліся.

3 І сказалі яны адзін аднаму: «Давайце наробім цэглы і абпалім яе агнём». І была ў іх цэгла замест камянёў, а смала была ў іх замест вапны.

4 І сказалі яны: «Давайце зробім сабе горад і вежу, у якой верх будзе да неба, і гэтым зробім сабе імя, каб не расьцярушыліся мы па абліччы ўсёй зямлі».

5 І зыйшоў ГОСПАД, каб убачыць горад і вежу, якую будавалі сыны чалавечыя.

6 І сказаў ГОСПАД: «Вось, адзін народ і адна для ўсіх мова. І вось, што пачалі яны рабіць. І цяпер не спыніць іх у-ва ўсім, што яны задумалі зрабіць.

7 Давайце зыйдзем і памяшаем там мову іхнюю, каб не маглі разумець мовы адзін аднаго».

8 І расьцярушыў іх ГОСПАД з таго месца па абліччы ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад.

9 Дзеля таго названа імя яго Бабілон, бо там зьмяшаў ГОСПАД мову ўсёй зямлі, і адтуль расьцярушыў іх ГОСПАД па абліччы ўсёй зямлі.

10 Вось радавод Сэма. Сэм меў сто гадоў і нарадзіў Арпахшада праз два гады пасьля патопу.

11 І жыў Сэм па нараджэньні Арпахшада пяцьсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.

12 І Арпахшад жыў трыццаць пяць гадоў, і нарадзіў Шэляха.

13 І жыў Арпахшад па нараджэньні Шэляха чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок.

14 І Шэлях жыў трыццаць гадоў, і нарадзіў Эвэра.

15 І жыў Шэлях па нараджэньні Эвэра чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок.

16 І жыў Эвэр трыццаць чатыры гады, і нарадзіў Пэлега.

17 І жыў Эвэр па нараджэньні Пэлега чатырыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.

18 І жыў Пэлег трыццаць гадоў, і нарадзіў Рэву.

19 І жыў Пэлег па нараджэньні Рэву дзьвесьце дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.

20 І жыў Рэву трыццаць два гады, і нарадзіў Сэруга.

21 І жыў Рэву па нараджэньні Сэруга дзьвесьце сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.

22 І жыў Сэруг трыццаць гадоў, і нарадзіў Нахора.

23 І жыў Сэруг па нараджэньні Нахора дзьвесьце гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.

24 І жыў Нахор дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіў Тэраха.

25 І жыў Нахор па нараджэньні Тэраха сто дзевятнаццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.

26 І жыў Тэрах семдзясят гадоў, і нарадзіў Абрама, Нахора і Арана.

27 І вось радавод Тэраха. Тэрах нарадзіў Абрама, Нахора і Арана, а Аран нарадзіў Лота.

28 І памёр Аран перад абліччам Тэраха, бацькі свайго, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.

29 І ўзялі Абрам і Нахор сабе жонак. Імя жонкі Абрама — Сарай, а імя жонкі Нахора — Мілька, дачка Арана, бацькі Мількі і бацькі Іскі.

30 І была Сарай бясплодная, яна ня мела дзяцей.

31 І ўзяў Тэрах Абрама, сына свайго, і Лота, сына Арана, унука свайго, і Сарай, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў з імі з Уру Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі ў Харан, і пасяліліся там.

32 І было дзён Тэраха дзьвесьце пяць гадоў жыцьця, і памёр Тэрах у Харане.