Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


АСІІ 5 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
АСІІ 5

Ос 5

1 Слухайце гэта, сьвятары, і пачуйце, доме Ізраіля, і прыхіліце вуха, доме валадара, бо вам будзе суд, бо вы былі пасткаю для Міцпы і сеткаю, расьцягнутаю на Таборы.

2 І бунтаўнікі жадаюць забіваць, але Я пакараю кожнага з іх.

3 Я ведаю Эфраіма, і Ізраіль не схаваны ад Мяне, бо цяпер ты распусьнічаеш, Эфраім, стаў нячыстым Ізраіль.

4 Не даюць учынкі іхнія вярнуцца да Бога іхняга, бо дух распусты ў нутры іхнім, і яны ня ведаюць ГОСПАДА.

5 І пыха Ізраіля сьведчыць перад абліччам ягоным, і Ізраіль, і Эфраім спатыкнуцца ў грахах сваіх, таксама Юда спатыкнецца з імі.

6 З авечкамі сваімі, з валамі сваімі пойдуць шукаць ГОСПАДА, але ня знойдуць. Ён аддаліўся ад іх.

7 Яны здрадзілі ГОСПАДУ, бо сыноў чужых нарадзілі. Цяпер пажарэ іх маладзік разам з часткамі [спадчыны] іхняй.

8 Трубіце ў рог у Гіве, [дзьмі­це] ў трубу ў Раме, крычыце ў Бэт-Авэне: «Ужо па табе, Бэн’яміне!»

9 Эфраім будзе спустошаны ў дзень пакараньня. Сярод каленаў Ізраіля паведамлю пра тое, што напэўна [будзе].

10 Князі Юды сталіся як тыя, што перасоўваюць мяжу. Выльлю на іх як ваду гнеў Мой.

11 Эфраім прыгнечаны, судом паламаны, бо пачаў хадзіць за марнотаю.

12 І Я [буду] як моль для Эфраіма, і як гніль для дому Юды.

13 І ўбачыў Эфраім хваробу сваю, а Юда — рану сваю, і пайшоў Эфраім у Асур, і паслаў да валадара Ярэва, але той ня можа ані аздаравіць вас, ані вылечыць рану вашую.

14 Бо Я [буду] як леў для Эфраіма і як ільвяня для дому Юды. Я, Я разьдзяру і адыйду, панясу, і ніхто не выратуе.

15 Пайду, вярнуся на месца Маё, аж пакуль не прызнаюць віну сваю і будуць шукаць аблічча Маё. У прыгнечанасьці сваёй будуць пільна шукаць Мяне.