АСІІ 6 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ос 6 1 «Хадзем і вернемся да ГОСПАДА, бо Ён разьдзёр, і Ён нас аздаровіць, Ён ударыў, і Ён перавяжа [раны] нашыя. 2 Ажывіць нас праз два дні, і на трэці дзень падніме нас, і мы будзем жыць перад абліччам Ягоным. 3 І мы пазнаем, і будзем імкнуцца пазнаць ГОСПАДА. Як [прыход] раніцы падрыхтаваны выхад Ягоны, і Ён прыйдзе да нас як дождж, як раньні дождж і як позьні дождж на зямлю». 4 Што Мне зрабіць табе, Эфраіме? Што Мне зрабіць табе, Юда? Міласэрнасьць вашая як воблака ранішняе, як раса, што рана зьнікае. 5 Дзеля гэтага Я абчэсваў іх праз прарокаў, забіваў іх словамі вуснаў Маіх. І суды Мае як сьвятло выходзяць. 6 Бо міласэрнасьці хачу, а не ахвяры, і пазнаньня Бога больш, чым цэласпаленьняў. 7 Але яны, як Адам, парушылі запавет, там яны здрадзілі Мне. 8 Гілеад — горад тых, якія робяць злачынствы, заплямлены крывёю. 9 Як разбойнікі цікуюць на чалавека, так хеўра сьвятароў забівае злачынна на шляху ў Сыхем, бо яны падступнае ўчыняюць. 10 У доме Ізраіля Я бачыў брыдоту брыдотаў, там распуста Эфраіма, зганьбаваны Ізраіль. 11 Таксама для цябе, Юда, прызначана жніво, калі Я вярну палонных народу Майго. |