Іс 461 Упаў Бэль, сагнуўся Нэво. Сталіся ідалы іхнія для зьвяроў і для скаціны. Тое, што насілі вы [на руках], палажылі як цяжар на змучаную [жывёлу]. 2 Разам яны пазгіналіся і паваліліся, не змаглі вытрымаць цяжару, і душы іхнія пайшлі ў палон. 3 Паслухайце Мяне, дом Якуба і ўся рэшта дому Ізраіля, якіх Я ўзяў ад улоньня [маці], насіў [на руках] ад нараджэньня. 4 І да вашай старасьці Я — Той Самы, і да сівізны Я буду трымаць вас; Я зрабіў [вас], і Я буду насіць [вас], буду трымаць і збаўляць. 5 Да каго падобным і роўным вы зробіце Мяне? І з кім Мяне параўнаеце і да каго ўпадобніце? 6 Тыя, што выцягваюць золата з капшука і срэбра важаць на вагах, наймаюць залатара, каб зрабіў бога, і кленчаць перад ім, і пакланяюцца яму, 7 падымаюць яго на плечы і носяць, і стаўляюць яго на месцы ягоным; і ён стаіць, і з месца свайго ня рухаецца, а калі хто кліча яго, не адказвае і ад бяды не ратуе. 8 Памятайце пра гэта і будзьце дарослымі! Вазьміце гэта да сэрца, адступнікі! 9 Памятайце пра [падзеі] мінулыя, адвечныя, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, няма падобнага да Мяне. 10 Я прадказваю ад пачатку тое, што мае быць, і наперад — тое, што [яшчэ] ня сталася. Я кажу: «Рада Мая зьдзейсьніцца, і Я выканаю ўсю волю Маю». 11 Я клічу з усходу птушку драпежную, і з зямлі далёкай — чалавека, [які выканае] раду Маю. Што Я прамовіў, тое і споўню, і што вырашыў, тое і зраблю. 12 Слухайце Мяне, цьвёрдыя сэрцам, далёкія ад праведнасьці! 13 Я наблізіў праведнасьць Маю, яна ўжо недалёка, і збаўленьне Маё не замарудзіць, і Я дам на Сыёне збаўленьне, і Ізраілю — славу Маю. |