2 Сам 31 І была доўгая вайна паміж домам Саўла і домам Давіда. І Давід ставаўся мацнейшым, а дом Саўла слабеў. 2 І нарадзіліся ў Давіда сыны ў Хеўроне. Першародным быў Амнон ад Ахіноам з Езрээлю, 3 а другім быў Хілеаў ад Абігайль, жонкі Наваля з Кармэлю, а трэцім — Абсалом, сын Маахі, дачкі Тальмая, валадара Гешуру, 4 а чацьвёртым — Адонія, сын Хагіты, а пятым — Шэфатыя, сын Абіталі, 5 а шостым — Ітрэам ад Эглі, жонкі Давіда. Яны нарадзіліся Давіду ў Хеўроне. 6 І калі была вайна паміж домам Саўла і домам Давіда, Абнэр ставаўся мацнейшым у доме Саўла. 7 У Саўла была наложніца на імя Рыцпа, дачка Аі. І сказаў [Ішбашэт] Абнэру: «Чаму ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?» 8 І моцна ўзлаваўся Абнэр дзеля словаў Ішбашэта, і сказаў: «Ці ж я — сабачая галава з Юды? Сёньня я зьяўляю міласэрнасьць дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і цябе не аддаў у рукі Давіда, а ты сварышся на мяне сёньня з прычыны жанчыны гэтай? 9 Няхай гэта зробіць Бог з Абнэрам, і яшчэ дадасьць, калі я не зраблю Давіду так, як ГОСПАД запрысяг яму, 10 што Ён забярэ валадарства ў дома Саўла і паставіць пасад Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дану аж да Бээр-Шэвы». 11 І той ня мог адказаць Абнэру ані слова, бо баяўся яго. 12 І паслаў Абнэр пасланцоў ад сябе да Давіда, кажучы: «Чыя гэта зямля?», і [яшчэ] кажучы: «Заключы запавет са мной, і вось, рука мая будзе з табою, каб прывесьці да цябе ўвесь Ізраіль». 13 І сказаў [Давід]: «Добра, я заключу з табой запавет, але толькі прашу цябе пра адну рэч, кажучы: “Ты ня ўбачыш аблічча майго, калі не прывядзеш Міхаль, дачку Саўла, калі прыйдзеш убачыць аблічча маё”». 14 І паслаў Давід пасланцоў да Ішбашэта, сына Саўла, кажучы: «Вярні мне жонку маю Міхаль, якую я набыў за сто скуравінак Філістынскіх». 15 І паслаў Ішбашэт, і ўзяў яе ад мужа ейнага, Пальтыэля, сына Ляіша. 16 І ішоў за ёй муж ейны, плачучы аж да Бахурыму, але Абнэр сказаў яму: «Вяртайся [дадому]!» І ён вярнуўся. 17 І зьвярнуўся Абнэр да старшыняў Ізраіля, кажучы: «Яшчэ ўчора і пазаўчора хацелі вы мець валадаром сваім Давіда. 18 І цяпер зрабіце гэта, бо ГОСПАД сказаў Давіду, кажучы: “У руцэ слугі Майго Давіда выратаваньне народу Майго, Ізраіля, з рук Філістынцаў і з рук усіх ворагаў ягоных”». 19 І гаварыў [гэта] Абнэр у вушы Бэн’ямінцам. І пайшоў Абнэр у Хеўрон, каб сказаць у вушы Давіду ўсё, што добрае ў вачах Ізраіля і ў вачах усяго дому Бэн’яміна. 20 І прыйшоў Абнэр да Давіда ў Хеўрон, і дваццацьць ваяроў з ім, і Давід справіў банкет Абнэру і людзям ягоным, што былі з ім. 21 І сказаў Абнэр Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да гаспадара майго, валадара, увесь Ізраіль; і ўвойдуць яны з табой у запавет, і будзеш ты валадарыць над усім, як жадае душа твая». І адпусьціў Давід Абнэра, і ён пайшоў у супакоі. 22 І вось, слугі Давіда і Ёаў прыйшлі з выправы і прынесьлі вялікую здабычу. А Абнэра не было з Давідам у Хеўроне, бо [Давід] адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі. 23 І прыйшоў Ёаў і войска, якое з ім, і паведамілі Ёаву, кажучы: «Абнэр, сын Нэра, прыйшоў да валадара, і ён адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі». 24 І прыйшоў Ёаў да валадара, і сказаў: «Што ты зрабіў? Вось, прыйшоў да цябе Абнэр. Навошта ты адпусьціў яго, і ён адыйшоў? 25 Ты ведаеш Абнэра, сына Нэра. Ён прыйшоў, каб падмануць цябе, і даведацца пра ўваход твой і выхад твой, і даведацца, што ты робіш». 26 І выйшаў Ёаў ад Давіда, і паслаў пасланцоў за Абнэрам, і яны вярнулі яго ад Бор-Гасіры, а Давід ня ведаў [пра гэта]. 27 І вярнуўся Абнэр у Хеўрон, а Ёаў адвёў яго ў сярэдзіну брамы, каб з ім таемна пагаварыць, і ўдарыў яго там [мячом] у жывот, і памёр [Абнэр] за кроў Асаэля, брата Ёава. 28 І пачуў Давід пра гэта, і сказаў: «Не вінаваты ані я, ані валадарства маё перад ГОСПАДАМ на вякі ў крыві Абнэра, сына Нэра. 29 Няхай спадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; няхай не спыняецца ў доме Ёава хворы на выцёкі, пракажоны, той, які ходзіць з кійком, забіты ад мяча і той, хто патрабуе хлеба». 30 А Ёаў і Абішай, брат ягоны, забілі Абнэра за тое, што ён забіў Асаэля, брата іхняга, у Гібэоне ў час бою. 31 І сказаў Давід Ёаву і ўсяму народу, які з ім: «Разьдзярыце адзеньне вашае і апраніцеся ў рызьзё, і лямантуйце дзеля Абнэра». І валадар Давід ішоў за целам ягоным. 32 І пахавалі Абнэра ў Хеўроне, валадар узьняў голас свой і плакаў над магілай Абнэра, і плакаў увесь народ. 33 І засьпяваў валадар жалобны сьпеў дзеля Абнэра, і сказаў: «Ці ж сьмерцю нікчэмнага мусіў паміраць Абнэр? 34 Рукі твае не былі зьвязаныя, і ногі твае не былі закутыя ў кайданы, а ты загінуў, як гінуць ад злодзеяў». І ўвесь народ пачаў яшчэ больш плакаць над ім. 35 І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі быў яшчэ дзень, але прысягнуў Давід, кажучы: «Няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ дадасьць, калі я перад заходам сонца пакаштую хлеба або чаго іншага». 36 І ўвесь народ даведаўся гэта, і было добрым гэта ў вачах ягоных, як і ўсё, што рабіў валадар, было добрым у вачах усяго народу. 37 І даведаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што Абнэр, сын Нэра, быў забіты не праз валадара. 38 І сказаў валадар слугам сваім: «Ці ж вы ня ведаеце, што сёньня ў Ізраілі загінуў князь і вялікі чалавек? 39 Я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны на валадара, а гэтыя людзі, сыны Цэруі, мацнейшыя за мяне. Няхай адплаціць ГОСПАД злачынцы паводле ліхоты ягонай». |