Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 ЦІМАФЕЯ 3 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
1 ЦІМАФЕЯ 3

1 Цім 3

1 Вернае слова: «Калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае».

2 Дык епіскап мусіць быць бездакорны, аднае жонкі муж, пільны, цьвярозы, сьціплы, гасьцінны, здольны навучаць,

3 ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, але спагадны, не ваяўнічы, не срэбралюбец,

4 каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей меў у паслухмянасьці з усякай сумленнасьцю.

5 А калі хто ня ведае, як кіраваць уласным домам, як будзе клапаціцца пра Царкву Божую?

6 [Мусіць быць] не з нованаверненых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў пад прысуд з д’яблам.

7 Мусіць ён мець добрае сьведчаньне ад тых, што вонкі, каб ня трапіў у зьнявагу і пастку д’яблаву.

8 Дыяканы таксама [мусяць быць] сумленныя, не двудушныя, не прагавітыя на віно, ня сквапныя,

9 якія маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні.

10 І гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, а пасьля, калі бездакорныя, няхай служаць.

11 Таксама жанчыны [мусяць быць] сумленныя, не паклёпніцы, пільныя, верныя ў-ва ўсім.

12 Дыяканы няхай будуць мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі і домам сваім,

13 бо хто добра паслужыў, здабывае сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.

14 Гэтае табе пішу, спадзеючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,

15 каб ты, калі замаруджу, ведаў, як трэба жыць у доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, слуп і апірышча праўды.

16 І, бясспрэчна, вялікая ёсьць таямніца пабожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, зьявіў Сябе анёлам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў славе.