Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
1 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 2

1 Тэс 2

1 Вы самі ведаеце, браты, пра наш уваход да вас, што ён быў не дарэмны;

2 але, раней нацярпеўшыся і будучы зьняважанымі, як вы ведаеце, у Філіпах, мы адважыліся ў Богу нашым гаварыць вам Эвангельле Божае з вялікім змаганьнем.

3 Бо пацяшэньне нашае ані з падману, ані з нячыстасьці, ані з хітраваньня,

4 але, як мы былі выпрабаваныя Богам, каб даверыць [нам] Эвангельле, так і гаворым, не каб людзям падабацца, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.

5 Бо ніколі не было ў нас словаў лісьлівых, як ведаеце, ані думак хцівых, Бог — сьведка!

6 Не шукалі мы славы ад людзей: ані ад вас, ані ад іншых, хоць маглі быць у паважаньні, як Хрыстовыя апосталы,

7 але былі мы лагодныя сярод вас, як карміцелька клапоціцца пра дзетак сваіх.

8 Гэтак мы, рупячыся пра вас, пажадалі перадаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любымі.

9 Вы памятаеце, браты, працу нашую і стому, уначы і ўдзень працуючы, каб ня быць цяжарам каму з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Божае.

10 Сьведкі вы і Бог, як сьвята, праведна і беззаганна былі мы сярод вас, якія паверылі.

11 Бо вы ведаеце, як мы кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, прасілі, і пацяшалі, і сьведчылі,

12 каб вы хадзілі дастойна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Валадарства і славу.

13 Дзеля гэтага і мы несупынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы пачутае ад нас слова Божае, прынялі яго не як слова чалавечае, але як яно ёсьць у сапраўднасьці, як слова Божае, што дзейнічае ў вас, якія паверылі.

14 Вы сталіся, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце Ісусе, бо і вы гэтаксама нацярпеліся ад зямлякоў сваіх, як і тыя ад Юдэяў,

15 якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям супрацівяцца,

16 забараняюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя былі збаўленыя, і гэтак дапаўняюць грахі свае заўсёды; але дасягнуў да іх гнеў да канца.

17 Мы ж, браты, асірочаныя вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, моцна намагаліся з вялікім жаданьнем убачыць аблічча вашае.

18 Дзеля гэтага хацелі мы прыйсьці да вас, — асабліва я, Павал, — і раз, і два, але перашкодзіў нам шатан.

19 Бо якая нашая надзея, ці радасьць, ці вянок пахвалы? Ці ж ня вы перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыйсьце Яго?

20 Бо вы — слава нашая і радасьць.