Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 КАРЫНФЯНАЎ 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
1 КАРЫНФЯНАЎ 11

1 Кар 11

1 Станьцеся пераймальнікамі маімі, як і я — Хрыста.

2 Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце і трымаецеся традыцыі так, як я перадаў вам.

3 Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог.

4 Усякі муж, які моліцца або прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву.

5 А ўсякая жанчына, якая моліцца або прарочыць з ненакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголеная.

6 Бо, калі жанчына не накрывае галавы, няхай стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай накрывае галаву.

7 Бо муж не павінен накрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Бога; а жонка ёсьць слава мужа.

8 Бо ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа.

9 І ня муж створаны праз жонку, але жонка праз мужа.

10 Дзеля гэтага жонка павінна мець на галаве [знак] улады дзеля анёлаў.

11 Зрэшты, ані муж бяз жонкі, ані жонка бяз мужа, у Госпадзе.

12 Бо як жонка ад мужа, так і муж праз жонку, а ўсе — ад Бога.

13 Судзіце самі ў сабе, ці належыць жанчыне з ненакрытай галавою маліцца Богу?

14 Ці сама прырода ня вучыць вас, што калі мужчына расьціць валасы, гэта ганьба для яго,

15 а калі жанчына расьціць валасы, гэта слава для яе, бо валасы дадзеныя ёй замест адзеньня.

16 А калі хто думае спрачацца, мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя.

17 А загадваючы гэтае, не хвалю вас, бо вы зыходзіцеся не на лепшае, але на горшае.

18 Бо, па-першае, чую, што калі вы зыходзіцеся ў царкве, між вамі ёсьць падзел, і я часткова веру,

19 бо мусяць быць між вамі і герэзіі, каб вартыя выявіліся між вамі.

20 Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма [ў вас] спажываньня вячэры Госпада,

21 бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін [застаецца] галодным, а другі ўпіваецца.

22 Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю.

23 Бо я ад Госпада прыняў і тое вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб

24 і, падзякаваўшы, паламаў і сказаў: «Вазьміце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ломіцца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне».

25 Таксама і келіх пасьля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсьць Новы Запавет у Крыві Маёй. Гэта рабіце, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне».

26 Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п’іцё келіх гэты, сьмерць Госпада абвяшчаеце, аж пакуль Ён прыйдзе.

27 Так што хто есьць хлеб гэты ці п’е келіх Госпадавы нягодна, вінны будзе Цела і Крыві Госпада.

28 Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек і гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п’е з келіха гэтага.

29 Бо хто есьць і п’е нягодна, той есьць і п’е прысуд сабе, не раззважаючы пра Цела Госпада.

30 Дзеля гэтага сярод вас шмат слабых і хворых, і даволі памірае.

31 Бо калі мы разважаем пра саміх сябе, ня будзем суджанымі.

32 А калі мы суджаныя, Госпад карае нас, каб не былі мы асуджаныя разам са сьветам.

33 Так што, браты мае, зыходзячыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце.

34 А калі хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. А пра ўсё пазасталае загадаю, калі прыйду.