Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


4 ЦАРСТВАЎ 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
4 ЦАРСТВАЎ 15

1 На дваццаць сёмы год Ерабаама, цара Ізраэля, Азарыя, сын Амазіі, цара Юдэі, пачаў цараваць.

2 Меў ён шаснаццаць гадоў, калі стаў царом, і цараваў у Ерузаліме пяцьдзесят два гады. Маці яго называлася Яхэлія з Ерузаліма.

3 І рабіў ён тое, што добрым было ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго, Амазія.

4 Толькі ўзгоркі не былі знішчаны; народ усё яшчэ складаў крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках.

5 І пакараў Госпад цара праказай, і быў ён пракажаны аж да дня сваёй смерці, і жыў у доме ў адзіноце; а сын цара Ёатам быў кіраўніком над палацам і судзіў народ зямлі.

6 А іншыя дзеянні Азарыі і ўсё, што ён рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?

7 І супачыў Азарыя з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі яго ў горадзе Давіда, і па ім царом стаў сын яго Ёатам.

8 На трыццаць восьмы год Азарыі, цара Юдэі, Захарыя, сын Ерабаама, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на шэсць месяцаў.

9 І рабіў ён тое, што было ліхім у вачах Госпада, як рабілі бацькі яго; не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль.

10 А Сэлум, сын Явіса, змовіўся супраць яго, і напаў на яго ў Іблеаме і забіў, і цараваў на месцы яго.

11 А іншыя дзеянні Захарыі — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

12 Такое было слова Госпада, якое сказаў ён Егу, кажучы: «Сыны твае аж да чацвёртага пакалення будуць сядзець на пасадзе Ізраэля». І так сталася.

13 Сэлум, сын Явіса, стаў царом на трыццаць дзевяты год Азарыі, цара Юдэі, і цараваў адзін месяц у Самарыі.

14 І прыйшоў Манагэм, сын Гадзі, з Тэрсы, і прыбыў у Самарыю, і напаў на Сэлума, сына Явіса, у Самарыі і забіў яго, і стаў царом замест яго.

15 А рэшта дзеянняў Сэлума і змова яго, якую ён учыніў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

16 Тады Манагэм спустошыў Тыпсах і ўсё, што ў ім было, і яго межы, пачынаючы ад Тэрсы; бо горад не пажадаў адчыніць яму. І ён забіў цяжарных жанчын і пасек іх.

17 На трыццаць дзевяты год Азарыі, цара Юдэі, Манагэм, сын Гадзі, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на дзесяць гадоў.

18 І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада; не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль.

19 У яго дні прыйшоў Пул, цар асірыйцаў, у зямлю Ізраэля, і Манагэм даў Пулу тысячу талентаў срэбра, каб заручыцца яго дапамогай і ўмацаваць уладу ў сваіх руках.

20 А пасля Манагэм гэта срэбра размеркаваў на ізраэльцаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзесят сікляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць цару Асірыі. І цар асірыйцаў вярнуўся назад і не застаўся ў зямлі Ізраэля.

21 А іншыя дзеянні Манагэма і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

22 І супачыў Манагэм з бацькамі сваімі; а пасля яго царом стаў Пацэя, сын яго.

23 На пяцідзесяты год Азарыі, цара Юдэі, Пацэя, сын Манагэма, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на два гады.

24 І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада; не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль.

25 А змовіўся супраць яго Фацэй, сын Рамэліі, кіраўнік яго, і забіў яго ў Самарыі ў вежы царскага палаца, і з ім было пяцьдзесят ваяроў з сыноў галаадцаў. І ён забіў яго, і стаў царом пасля яго.

26 А іншыя дзеянні Пацэі і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

27 На пяцьдзесят другі год Азарыі, цара Юдэі, Фацэй, сын Рамэліі, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на дваццаць гадоў.

28 І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада; не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль.

29 У дні Фацэя, цара Ізраэля, прыйшоў Тэглатпаласар, цар Асура, і ўзяў ён Агіён, і Абэл-Бэт-Мааху, і Яноэ, і Кадэс, і Асор, і Галаад, і Галілею, усю зямлю Нэфталі, і перасяліў іх у Асур.

30 А Осія, сын Элы, змовіўся супраць Фацэя, сына Рамэліі, і напаў на яго, і забіў яго, і стаў царом замест яго на дваццаты год Ёатама, сына Озіі, цара Юдэі.

31 А іншыя дзеянні Фацэя і ўсё, што ён зрабіў — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

32 На другі год Фацэя, сына Рамэліі, цара Ізраэля, стаў цараваць Ёатам, сын Озіі, цара Юдэі.

33 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і шаснаццаць гадоў быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Еруса, дачка Садока.

34 І рабіў ён тое, што падабалася Госпаду; паводле ўсяго, што рабіў Озія, бацька яго, ён рабіў.

35 Аднак узгоркі ён не знішчыў, і народ усё яшчэ складаў крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках. А пабудаваў ён Верхнюю браму дома Госпада.

36 А астатнія дзеянні Ёатама і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?

37 У тыя дні Госпад пачаў пасылаць на Юдэю Разіна, цара Сірыі, і Фацэя, сына Рамэліі.

38 І супачыў Ёатам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, бацькі свайго; і па ім пачаў цараваць Ахаз, сын яго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)