4 ЦАРСТВАЎ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 На другі год Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля, стаў царом Амазія, сын Ёаса, цара Юдэі. 2 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі пачаў цараваць, і дваццаць дзевяць гадоў быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Ёадэн з Ерузаліма. 3 І рабіў ён справядлівае перад абліччам Госпада, але не так, як Давід, бацька яго. Рабіў ён усё так, як бацька яго, Ёас, 4 толькі ўзгоркі ён не знішчыў, бо народ яшчэ складаў крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках. 5 І калі ўмацаваў ён уладу сваю, то забіў паслугачоў сваіх, якія забілі цара, бацьку яго; 6 а сыноў іх не забіў, паводле таго, што напісана ў кнізе закону Майсея, як загадаў Госпад, кажучы: «Бацькі не будуць пакараныя смерцю за сыноў, і сыны не памруць за бацькоў, але кожны за грэх свой будзе пакараны смерцю». 7 Гэта ён пабіў Эдом у Саляным лагу, лікам дзесяць тысяч, і захапіў Петру ў бітве і назваў яе Ецэтэль, і так ёсць па сённяшні дзень. 8 Тады Амазія паслаў пасланцоў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Егу, цара Ізраэля, сказаць яму: «Прыйдзі і пабачымся!» 9 І Ёас, цар Ізраэля, перадаў Амазіі, цару Юдэі, такі адказ: «Лібанскі церн пераслаў кедру на Лібане такую просьбу: “Дай дачку сваю сыну майму за жонку”. І прыйшлі дзікія звяры, якія жывуць на Лібане, і вытапталі церн. 10 Ты, пабіўшы Эдом, узмацніўся і сэрца тваё ўзганарылася; будзь задаволены славаю і заставайся ў доме сваім! Навошта ты выклікаеш няшчасце, каб упаў ты і Юдэя разам з табою?» 11 І Амазія не паслухаў. І Ёас, цар Ізраэля, выйшаў, і ўбачылі адзін аднаго ён і Амазія, цар Юдэі, у Бэтсамэсе, горадзе Юдэі. 12 І Юда быў пабіты Ізраэлем, і ўцёк кожны ў сваю палатку. 13 А Ёас злавіў Амазію, цара Юдэі, сына Ёаса, унука Ахазіі, у Бэтсамэсе і завёў яго ў Ерузалім. І зрабіў пралом у муры Ерузаліма ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў. 14 І забраў усё золата і срэбра, і ўсе рэчы, якія знаходзіліся ў доме Госпада і ў скарбніцах царскіх, і закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю. 15 А астатнія дзеянні Ёаса, якія ён зрабіў, і мужнасць яго, з якою ваяваў супраць Амазіі, цара Юдэі, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? 16 І заснуў Ёас з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі разам з царамі Ізраэля; і па ім стаў царом сын яго Ерабаам. 17 А Амазія, сын Ёаса, цар Юдэі, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў пасля смерці Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля. 18 А іншыя дзеянні Амазіі — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? 19 І зрабілі супраць яго змову ў Ерузаліме, але ён уцёк у Лахіс; і паслалі па яго ў Лахіс, і там забілі яго. 20 І прывезлі яго конямі, і быў ён пахаваны ў Ерузаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. 21 А ўвесь народ Юдэі ўзяў Азарыю, які меў шаснаццаць гадоў, і паставілі яго царом на месца бацькі яго, Амазіі. 22 Ён адбудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасля таго як заснуў цар з бацькамі сваімі. 23 На пятнаццаты год Амазіі, сына Ёаса, цара Юдэі, Ерабаам, сын Ёаса, стаў царом Ізраэля, і цараваў у Самарыі сорак адзін год. 24 І дапускаўся ён ліхога ў вачах Госпада; і не адвярнуўся ад усіх грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль. 25 Ён вярнуў межы Ізраэля ад уваходу ў Эмат і аж да мора Арабы па слове Госпада, Бога Ізраэля, якое сказаў Ён праз паслугача Свайго Ёну, сына Амаці, прарока, які быў з Гет-Хефэра. 26 Бо бачыў Госпад надта вялікі смутак Ізраэля, бо былі знішчаны і маладыя, і дарослыя, і не было нікога, хто б дапамог Ізраэлю. 27 І не сказаў Госпад, каб знішчана было імя Ізраэля з-пад неба, але ўратаваў яго рукою Ерабаама, сына Ёаса. 28 А астатнія дзеянні Ерабаама і ўсё, што ён зрабіў, і яго мужнасць, з якой ён ваяваў ды з якой вярнуў Ізраэлю тое, што належала Юдэі ад межаў Дамаска і Эмата, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? 29 І супачыў Ерабаам з бацькамі сваімі, з царамі Ізраэля; і сын яго Захарыя стаў царом пасля яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)