Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЯНА 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЯНА 2

1 І на трэці дзень спраўлялася вяселле ў Кане Галілейскай, і была там Маці Ісуса.

2 Таксама Ісус разам з вучнямі Яго быў пакліканы на вяселле.

3 А калі не хапіла віна, Маці Ісуса кажа Яму: «Віна не маюць».

4 І кажа Ёй Ісус: «Што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ не прыйшла Мая гадзіна».

5 Кажа тады Маці Яго паслугачам: «Зрабіце, што вам загадае».

6 А было там шэсць каменных глякоў, што стаялі дзеля абмывання юдэяў, і кожны з іх змяшчаў па два або па тры меры.

7 Кажа ім Ісус: «Напоўніце глякі вадой». І напоўнілі іх аж да краёў.

8 І кажа ім: «Чэрпайце цяпер і занясіце маршалку». І занеслі.

9 А калі маршалак пакаштаваў ваду, якая замянілася ў віно, – а не ведаў, адкуль узялося віно, паслугачы ж, што чэрпалі ваду, ведалі, – пазваў маршалак маладога

10 і кажа яму: «Кожны чалавек дае найперш добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае: ты ж захаваў добрае віно аж дасюль».

11 Такі вось пачатак знакаў учыніў Ісус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Яго.

12 Пасля таго пайшоў Сам, і Маці, і браты, і вучні Яго ў Кафарнаўм, і там заставаліся некалькі дзён.

13 І блізка была Пасха юдэйская, дык Ісус узышоў у Ерузалім.

14 І знайшоў у святыні тых, што прадавалі валоў, авец і галубоў, і мянялаў грошай, што сядзелі.

15 І, зрабіўшы з вяровак біч, павыганяў усіх са святыні, таксама авечак і валоў, і грошы мянялаў рассыпаў і сталы перакуліў;

16 і тым, што прадавалі галубоў, сказаў: «Выносьце гэта адсюль! Не рабіце дома Айца Майго домам гандлю».

17 І прыпомнілі вучні Яго, што напісана: «Руплівасць пра дом Твой з’ядае Мяне».

18 Тады юдэі, адказваючы, сказалі Яму: «Які знак пакажаш нам, што гэта робіш?»

19 Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Зруйнуйце гэтую святыню, і Я ў тры дні адбудую яе».

20 Дык сказалі тады юдэі: «Сорак шэсць гадоў будавалі гэтую святыню, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?»

21 Але Ён гаварыў пра святыню цела Свайго.

22 Дык калі ўваскрос з мёртвых, вучні Яго прыпомнілі, што ім пра гэта казаў, і ўверылі Пісанню і словам, якія сказаў Ісус.

23 А калі быў Ён у Ерузаліме ў дзень святочны на Пасху, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія Ён чыніў.

24 Але Сам Ісус не давяраўся ім, таму што ведаў усіх,

25 і не меў патрэбы, каб хто сведчыў аб чалавеку: бо Ён ведаў, што ёсць у чалавеку.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)