Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 108 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ПСАЛТЫР 108

1 Песня. Псальм. Давідаў.

2 Прыгатавана сэрца маё, Божа, прыгатавана сэрца маё, буду спяваць і граць псальмы. Добра, хвала мая!

3 Прабудзіся, гуслі і цытра, абуджу я зараніцу.

4 Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, між народамі, буду Табе граць псальмы сярод людзей,

5 бо міласэрнасць Твая вялікая аж да нябёсаў і аж да воблакаў праўда Твая.

6 Падыміся над нябёсамі, Божа, і над ўсёй зямлёю — слава Твая.

7 Каб вызваліліся ўмілаваныя Твае, дай збаўленне правіцай Тваёй і выслухай мяне.

8 Прамовіў Бог у святыні Сваёй: «Узрадуюся і падзялю Сіхэм і памераю лагчыну Сукот;

9 мой Галаад і мой Манасэс, і Эфраім — цвярдыня галавы маёй, Юда — скіпетр мой.

10 Моаб — конаўка для абмывання Майго, над Ідумеяй узнясу чаравік мой, над Філістэяй усклікаць буду».

11 Хто давядзе мяне ў абаронны горад? Хто давядзе мяне аж да Ідумеі?

12 Хіба Ты, Божа, Які адпіхнуў нас? Ці ўжо не выйдзеш, Божа, з нашымі сіламі?

13 Дай нам успамогу ад прыгнёту, бо марны ратунак людскі.

14 З Богам праявім магуцце, і Ён стопча нашых непрыяцеляў.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)