1 Далей прамовіў Госпад да Майсея, кажучы: 2 «Абвясці Аарону і сынам яго ды ўсім сынам Ізраэля і скажы ім: “Такі вось загад, які даў Госпад, кажучы: 3 “Калі хто з дому Ізраэля заб’е бычка або авечку, або казу ў межах лагера або па-за лагерам 4 і не прынясе іх да дзвярэй палаткі сустрэчы ў ахвяру Госпаду перад скініяй Госпада, будзе вінен у крыві. Ён праліў кроў і будзе вынішчаны з народа свайго. 5 Дзеля таго сыны Ізраэля павінны прыносіць святару ахвяры свае, якія забівалі ў полі, каб складаць для Госпада перад уваходам у палатку сустрэчы, да святара, ды складаць іх як ахвяры прымірэння для Госпада. 6 І пакропіць святар крывёй ахвярнік Госпада пры ўваходзе ў палатку сустрэчы, а тлушч спаліць на прыемны пах Госпаду. 7 Ужо не будуць складаць ахвяр сваіх дэманам, з якімі распуснічалі: гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленняў іх”. 8 Далей скажаш ім: “Калі хто з дому Ізраэля або з іншаземцаў, якія жывуць сярод вас, складае ахвяру цэласпалення або іншую 9 і не прывядзе яе да ўваходу ў палатку сустрэчы, каб ахвяраваць Госпаду, то будзе чалавек той выключаны з народа свайго. 10 Калі хто з дому Ізраэля або з іншаземцаў, якія жывуць сярод іх, еў бы кроў, то скірую аблічча Сваё супраць такой душы ды вынішчу яе з народа яе. 11 Бо душа цела ў крыві, і даў яе Я вам, каб на ахвярніку ёю ачышчалі вы душы вашыя, бо кроў гэтая ачышчае праз душу. 12 Дзеля таго даў Я загад сынам Ізраэля: “Ніхто з вас не будзе спажываць крыві, таксама і прышэльцы, якія пасяліліся сярод вас, не будуць спажываць крыві. 13 Калі хто з сыноў Ізраэля або з прышэльцаў, якія пасяліліся сярод вас, зловіць на паляванні дзікага звера або птушку, якіх можна есці, хай вылье з іх кроў і закрые яе зямлёю. 14 Бо душа кожнага цела ў крыві яго; таму даў Я загад сынам Ізраэля: не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела — гэта кроў яго. Кожны, хто будзе спажываць яе, загіне. 15 Душа, якая будзе спажываць мяса падліны або разарванае жывёлы, — ці то з тутэйшых, ці з прышэльцаў, — хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе ды будзе нячысты да вечара, і такім чынам станецца чыстым. 16 Калі ж хто не памые адзення ані цела свайго, будзе насіць правіннасць сваю”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)