ЛЯВІТ 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вось што сказаў Госпад Майсею па смерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча Госпада і былі забітыя, 2 і загадаў яму, кажучы: «Скажы Аарону, брату твайму, каб не ў кожны час уваходзіў у месца найсвяцейшае, якое ёсць за заслонай, перад перамольняй, якой накрываецца каўчэг, каб ён не памёр ад таго, што Я буду аб’яўляцца ў воблаку над перамольняй. 3 Вось такім спосабам будзе ён уваходзіць у месца найсвяцейшае: хай складзе маладога бычка ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпалення. 4 Хай апранецца ён у шаты святыя льняныя, ільнянымі штанамі хай прыкрые сорам, перапаяшацца льняным поясам, а на галаву ўскладзе льняны кідар — гэта святыя шаты. Хай абмыецца вадою і апране ўсё гэта. 5 Ад супольнасці сыноў Ізраэля возьме двух казлоў у ахвяру за грэх і аднаго барана ў ахвяру цэласпалення. 6 Потым Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх і ачысціць сябе і дом свой. 7 І возьме двух казлоў, і паставіць іх як ахвяру сваю перад Госпадам, перад уваходам у палатку сустрэчы. 8 Пасля кіне Аарон жэрабя на абодвух казлоў: адно жэрабя для Госпада, а другое жэрабя для Азазэля. 9 На якога выпала жэрабя для Госпада, таго складзе ён у ахвяру за грэх; 10 а на якога — для Азазэля, паставіць жывога перад Госпадам дзеля ачышчэння, каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню. 11 Потым Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх і заб’е яго на перамаленне за сябе і за свой дом, і заб’е цяля ў ахвяру за грэх за сябе. 12 Потым возьме кадзільніцу, і напоўніць яе гарачым вуголлем з ахвярніка перад Госпадам, і, узяўшы жменю тоўчанага кадзіла для запальвання, занясе яго за заслону ў святое месца; 13 каб пасля таго, як ён кіне кадзіла на агонь перад Госпадам, яго воблака і дым закрылі перамольню, якая над каўчэгам сведчання, і так не памрэ. 14 Далей возьме крыві цяляці і пакропіць пальцам сем разоў спераду перамольні. Сем разоў пакропіць перад перамольняй пальцам, змочаным у крыві. 15 Потым заб’е казла за грэх народа і ўнясе кроў яго за заслону, як было загадана накот крыві цяляці, каб пакропіць насупраць перамольні. 16 І ачысціць месца святое ад нячыстасці сыноў Ізраэля ды ад злачынстваў іх паводле ўсіх іх грахоў. Паводле таго ж закону зробіць ён з палаткаю сустрэчы, якая знаходзіцца ў іх сярод нячыстасці іх жылля. 17 Ні адзін чалавек не павінен быць у палатцы сустрэчы ад хвіліны, калі святар увойдзе ў святыню, каб ачысціць сябе і дом свой і ўсю супольнасць Ізраэля, аж пакуль ён не выйдзе. Вось так ачысціць ён сябе, дом свой ды ўсю супольнасць Ізраэлеву. 18 Потым выйдзе да ахвярніка, які перад Госпадам, і ачысціць яго, і возьме крыві бычка і крыві казла і памажа ёй рогі ахвярніка з усіх бакоў, 19 і пакропіць сем разоў пальцам, умочаным у крыві. Такім чынам ачысціць яго ад нячыстасці сыноў Ізраэля і асвяціць яго. 20 Калі ўжо скончыць ачышчэнне месца святога, палаткі сустрэчы і ахвярніка, тады прывядзе жывога казла. 21 І ўскладзе Аарон абедзве рукі на галаву яго, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраэля, усе іх злачынствы ды ўсе грахі іх, ускладзе іх на галаву яго і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню. 22 Такім спосабам казёл панясе на сабе ўсе іх правіны ў зямлю бязлюдную, і выгнаны будзе казёл у пустыню. 23 Тады Аарон увойдзе ў палатку сустрэчы, здыме шаты льняныя, якія перш надзеў, уваходзячы ў месца святое, ды пакладзе іх там. 24 І абмые цела сваё вадою ў святым месцы, і ўскладзе шаты свае, і потым выйдзе, і складзе ахвяру цэласпалення за сябе і за народ, і ачысціць сябе і народ. 25 Таксама тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку. 26 А чалавек, які выгнаў казла адпушчэння [для Азазэля], памые адзенне сваё і цела вадою, а потым вернецца ў лагер. 27 А бычка і казла, якія былі забіты за грэх і кроў якіх была ўнесена, каб споўніць ачышчэнне ў святым месцы, вынесуць за лагер і спаляць агнём і скуру, і мяса іх, і нячыстасць. 28 Той, хто спаліць іх, вымые адзенне сваё і цела вадою, а пасля вернецца ў лагер. 29 Гэта будзе вам вечнай пастановай: у сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, упакорвайце душы вашы, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыбылец, які паселіцца паміж вамі. 30 У той дзень будзе перамаленне вашае і ачышчэнне; ад усіх грахоў вашых ачысціцеся перад абліччам Госпада. 31 Гэта для вас субота супачынку, упакорвайце душы вашыя ў пастанове вечнай. 32 Ачышчаць будзе святар, які быў памазаны і рукі якога пасвячоны, каб ён выконваў святарства на месцы бацькі свайго; і ўскладзе ён ільняныя шаты, адзенне святое, 33 і ачысціць месца найсвяцейшае і палатку сустрэчы, ахвярнік, а таксама святароў ды ўвесь народ супольнасці. 34 Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год ачышчаць сыноў Ізраэля ад усіх іх грахоў». І зрабіў ён, як загадаў Госпад Майсею. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)