Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЛЯВІТ 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЛЯВІТ 16

1 Вось што сказаў Госпад Майсею па смерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча Госпада і былі забітыя,

2 і загадаў яму, кажучы: «Скажы Аарону, брату твайму, каб не ў кожны час уваходзіў у месца найсвяцейшае, якое ёсць за заслонай, перад перамольняй, якой накрываецца каўчэг, каб ён не памёр ад таго, што Я буду аб’яўляцца ў воблаку над перамольняй.

3 Вось такім спосабам будзе ён уваходзіць у месца найсвяцейшае: хай складзе маладога бычка ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпалення.

4 Хай апранецца ён у шаты святыя льняныя, ільнянымі штанамі хай прыкрые сорам, перапаяшацца льняным поясам, а на галаву ўскладзе льняны кідар — гэта святыя шаты. Хай абмыецца вадою і апране ўсё гэта.

5 Ад супольнасці сыноў Ізраэля возьме двух казлоў у ахвяру за грэх і аднаго барана ў ахвяру цэласпалення.

6 Потым Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх і ачысціць сябе і дом свой.

7 І возьме двух казлоў, і паставіць іх як ахвяру сваю перад Госпадам, перад уваходам у палатку сустрэчы.

8 Пасля кіне Аарон жэрабя на абодвух казлоў: адно жэрабя для Госпада, а другое жэрабя для Азазэля.

9 На якога выпала жэрабя для Госпада, таго складзе ён у ахвяру за грэх;

10 а на якога — для Азазэля, паставіць жывога перад Госпадам дзеля ачышчэння, каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню.

11 Потым Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх і заб’е яго на перамаленне за сябе і за свой дом, і заб’е цяля ў ахвяру за грэх за сябе.

12 Потым возьме кадзільніцу, і напоўніць яе гарачым вуголлем з ахвярніка перад Госпадам, і, узяўшы жменю тоўчанага кадзіла для запальвання, занясе яго за заслону ў святое месца;

13 каб пасля таго, як ён кіне кадзіла на агонь перад Госпадам, яго воблака і дым закрылі перамольню, якая над каўчэгам сведчання, і так не памрэ.

14 Далей возьме крыві цяляці і пакропіць пальцам сем разоў спераду перамольні. Сем разоў пакропіць перад перамольняй пальцам, змочаным у крыві.

15 Потым заб’е казла за грэх народа і ўнясе кроў яго за заслону, як было загадана накот крыві цяляці, каб пакропіць насупраць перамольні.

16 І ачысціць месца святое ад нячыстасці сыноў Ізраэля ды ад злачынстваў іх паводле ўсіх іх грахоў. Паводле таго ж закону зробіць ён з палаткаю сустрэчы, якая знаходзіцца ў іх сярод нячыстасці іх жылля.

17 Ні адзін чалавек не павінен быць у палатцы сустрэчы ад хвіліны, калі святар увойдзе ў святыню, каб ачысціць сябе і дом свой і ўсю супольнасць Ізраэля, аж пакуль ён не выйдзе. Вось так ачысціць ён сябе, дом свой ды ўсю супольнасць Ізраэлеву.

18 Потым выйдзе да ахвярніка, які перад Госпадам, і ачысціць яго, і возьме крыві бычка і крыві казла і памажа ёй рогі ахвярніка з усіх бакоў,

19 і пакропіць сем разоў пальцам, умочаным у крыві. Такім чынам ачысціць яго ад нячыстасці сыноў Ізраэля і асвяціць яго.

20 Калі ўжо скончыць ачышчэнне месца святога, палаткі сустрэчы і ахвярніка, тады прывядзе жывога казла.

21 І ўскладзе Аарон абедзве рукі на галаву яго, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраэля, усе іх злачынствы ды ўсе грахі іх, ускладзе іх на галаву яго і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню.

22 Такім спосабам казёл панясе на сабе ўсе іх правіны ў зямлю бязлюдную, і выгнаны будзе казёл у пустыню.

23 Тады Аарон увойдзе ў палатку сустрэчы, здыме шаты льняныя, якія перш надзеў, уваходзячы ў месца святое, ды пакладзе іх там.

24 І абмые цела сваё вадою ў святым месцы, і ўскладзе шаты свае, і потым выйдзе, і складзе ахвяру цэласпалення за сябе і за народ, і ачысціць сябе і народ.

25 Таксама тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.

26 А чалавек, які выгнаў казла адпушчэння [для Азазэля], памые адзенне сваё і цела вадою, а потым вернецца ў лагер.

27 А бычка і казла, якія былі забіты за грэх і кроў якіх была ўнесена, каб споўніць ачышчэнне ў святым месцы, вынесуць за лагер і спаляць агнём і скуру, і мяса іх, і нячыстасць.

28 Той, хто спаліць іх, вымые адзенне сваё і цела вадою, а пасля вернецца ў лагер.

29 Гэта будзе вам вечнай пастановай: у сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, упакорвайце душы вашы, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыбылец, які паселіцца паміж вамі.

30 У той дзень будзе перамаленне вашае і ачышчэнне; ад усіх грахоў вашых ачысціцеся перад абліччам Госпада.

31 Гэта для вас субота супачынку, упакорвайце душы вашыя ў пастанове вечнай.

32 Ачышчаць будзе святар, які быў памазаны і рукі якога пасвячоны, каб ён выконваў святарства на месцы бацькі свайго; і ўскладзе ён ільняныя шаты, адзенне святое,

33 і ачысціць месца найсвяцейшае і палатку сустрэчы, ахвярнік, а таксама святароў ды ўвесь народ супольнасці.

34 Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год ачышчаць сыноў Ізраэля ад усіх іх грахоў». І зрабіў ён, як загадаў Госпад Майсею.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)