Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛЯВІТ 17 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Далей прамовіў Госпад да Майсея, кажучы:

2 «Абвясці Аарону і сынам яго ды ўсім сынам Ізраэля і скажы ім: “Такі вось загад, які даў Госпад, кажучы:

3 “Калі хто з дому Ізраэля заб’е бычка або авечку, або казу ў межах лагера або па-за лагерам

4 і не прынясе іх да дзвярэй палаткі сустрэчы ў ахвяру Госпаду перад скініяй Госпада, будзе вінен у крыві. Ён праліў кроў і будзе вынішчаны з народа свайго.

5 Дзеля таго сыны Ізраэля павінны прыносіць святару ахвяры свае, якія забівалі ў полі, каб складаць для Госпада перад уваходам у палатку сустрэчы, да святара, ды складаць іх як ахвяры прымірэння для Госпада.

6 І пакропіць святар крывёй ахвярнік Госпада пры ўваходзе ў палатку сустрэчы, а тлушч спаліць на прыемны пах Госпаду.

7 Ужо не будуць складаць ахвяр сваіх дэманам, з якімі распуснічалі: гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленняў іх”.

8 Далей скажаш ім: “Калі хто з дому Ізраэля або з іншаземцаў, якія жывуць сярод вас, складае ахвяру цэласпалення або іншую

9 і не прывядзе яе да ўваходу ў палатку сустрэчы, каб ахвяраваць Госпаду, то будзе чалавек той выключаны з народа свайго.

10 Калі хто з дому Ізраэля або з іншаземцаў, якія жывуць сярод іх, еў бы кроў, то скірую аблічча Сваё супраць такой душы ды вынішчу яе з народа яе.

11 Бо душа цела ў крыві, і даў яе Я вам, каб на ахвярніку ёю ачышчалі вы душы вашыя, бо кроў гэтая ачышчае праз душу.

12 Дзеля таго даў Я загад сынам Ізраэля: “Ніхто з вас не будзе спажываць крыві, таксама і прышэльцы, якія пасяліліся сярод вас, не будуць спажываць крыві.

13 Калі хто з сыноў Ізраэля або з прышэльцаў, якія пасяліліся сярод вас, зловіць на паляванні дзікага звера або птушку, якіх можна есці, хай вылье з іх кроў і закрые яе зямлёю.

14 Бо душа кожнага цела ў крыві яго; таму даў Я загад сынам Ізраэля: не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела — гэта кроў яго. Кожны, хто будзе спажываць яе, загіне.

15 Душа, якая будзе спажываць мяса падліны або разарванае жывёлы, — ці то з тутэйшых, ці з прышэльцаў, — хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе ды будзе нячысты да вечара, і такім чынам станецца чыстым.

16 Калі ж хто не памые адзення ані цела свайго, будзе насіць правіннасць сваю”».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы