1 Прыйшлі ж дочкі Салпаада, сына Хэфэра, сына Галаада, сына Махіра, сына Манасы — з роду Манасы, які быў сынам Язэпа, а імёны іх: Маала, Ноа, Хэгла, Мэлха і Тэрса. 2 І сталі яны перад Майсеем, і Элеязэрам святаром, і князямі, і перад усёю супольнасцю ля дзвярэй палаткі сустрэчы і сказалі: 3 «Бацька наш памёр у пустыні, і не ўдзельнічаў у бунце Корэ супраць Госпада, але памёр у сваім граху; і ён не меў сыноў. 4 Чаму вынішчаецца імя яго ў родзе яго, бо ён не меў сына? Дайце нам уласнасць паміж братоў бацькі нашага». 5 І прынёс Майсей справу іх на суд Госпада, 6 Які сказаў яму: 7 «Справядліва дамагаюцца дочкі Салпаада. Дай ім уласнасць між братоў бацькі іх, і хай маюць спадчыну. 8 Сынам жа Ізраэля скажы так: “Калі чалавек памрэ без сына, яго спадчына пераходзіць на дачку; 9 калі не будзе ў яго дачкі, спадкаемцамі хай стануць браты яго. 10 Калі б і братоў не было, аддасцё спадчыну братам бацькі яго. 11 Калі і братоў у бацькі не будзе, тады яго спадчына хай пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў яго родзе; і хай ён возьме спадчыну. Як загадаў Госпад Майсею, так хай будзе гэта сынам Ізраэля святыняй па вечным законе”». 12 Таксама сказаў Госпад Майсею: «Узыдзі на гэту гару Абарым і паглядзі адтуль на зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля. 13 І калі агледзіш яе, ты пойдзеш да народа свайго, як пайшоў брат твой, Аарон, 14 бо вы зняважылі Мяне ў пустыні Сін у час бунту супольнасці, бо не пажадалі аб’явіць святасці Маёй перад імі на водах». Гэта вада Мэрыбы каля Кадэса ў пустыні Сін. 15 Майсей адказаў Госпаду: 16 «Хай прызначыць Госпад, Бог духаў і кожнага цела, чалавека, які кіраваў бы гэтай грамадою 17 і мог бы выступіць перад імі, выводзіць іх або ўводзіць, каб не стаў народ Госпадаў, як авечкі без пастуха». 18 І сказаў Госпад яму: «Вазьмі Ешуа, сына Нуна, чалавека, на якім прабывае Дух, і ўскладзі руку сваю на яго. 19 І паставіш яго перад Элеязэрам святаром і ўсёй супольнасцю, і на вачах ва ўсіх дай яму загады, 20 і сваёй уладай падтрымай яго, каб слухала яго ўся супольнасць сыноў Ізраэля. 21 Стане ён перад Элеязэрам святаром, які пра яго параіцца з Госпадам праз суд урыму. Паводле яго загаду будзе выходзіць і ўваходзіць ён сам, і ўсе сыны Ізраэля з ім, і ўся супольнасць». 22 Майсей зрабіў так, як яму загадаў Госпад. І, калі паклікаў Ешуа, паставіў яго перад святаром Элеязэрам і ўсім прысутным народам; 23 і, усклаўшы на галаву яго рукі, паставіў яго правадыром, як загадаў Госпад праз Майсея. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)