ЛІКІ 26 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Пасля гэтай плягі сказаў Госпад Майсею і Элеязэру, сыну Аарона святара: 2 «Палічыце ўсю колькасць грамады сыноў Ізраэля ад дваццаці гадоў і вышэй па сем’ях і родах іх, усіх, здатных ваяваць». 3 Такім чынам, Майсей і святар Элеязэр сказалі гэта на раўнінах Мааба, насупраць Ерыхона, над Ярданам 4 тым, хто меў ад дваццаці гадоў і вышэй, як Госпад загадаў Майсею. Вось колькасць сыноў Ізраэля, якія выйшлі з зямлі Егіпецкай: 5 Рубэн першародны Ізраэля. Сыны Рубэна: Гэнох, ад якога род Гэноха, і Паллю, ад якога род Паллю, 6 і Хэцрон, ад якога род Хэцрона, і Хармі, ад якога род Хармі. 7 Гэта роды з пакалення Рубэна, колькасць іх дасягае сарака трох тысяч сямісот трыццаці. 8 Сыны Паллю: Эліяб. 9 Яго сыны: Намуэль, Датан і Абірам. Датан і Абірам — гэта тыя князі народа, якія ўзбунтаваліся супраць Майсея і Аарона ў час бунту Корэ, калі яны паднялі бунт супраць Госпада, 10 і зямля адкрыла вусны свае і праглынула іх і Корэ, і паўміралі многія, калі агонь спаліў дзвесце пяцьдзесят чалавек; і сталі яны знакам [перасцярогі]. 11 Хаця Корэ памёр, але сыны яго не загінулі. 12 Сыны Сімяона па іх родах: Намуэль, ад якога паходзіць род Намуэля; Ямін, ад якога — род Яміна; Яхін, ад якога — род Яхіна; 13 Зара, ад якога — род Зары; Саўл, ад якога — род Саўла. 14 Гэта роды з пакалення Сімяона, агульная колькасць якіх — дваццаць дзве тысячы дзвесце. 15 Сыны Гада па сваіх родах: Сэфон, ад якога — род Сэфона; Хагі, ад якога — род Хагі; Шуні, ад якога — род Шуні, 16 Озні, ад якога — род Озні; Эры, ад якога — род Эры, 17 Арод, ад якога — род Арода; Арэлі, ад якога — род Арэлі. 18 Гэта роды Гада, агульная колькасць якіх — сорак тысяч пяцьсот. 19 Сыны Юды: Гэр і Анан, яны абодва памерлі ў зямлі Ханаан. 20 Вось сыны Юды па іх родах: Шэла, ад якога — род Шэлы; Пэрэс, ад якога — род Пэрэса; Зара, ад якога — род Зары. 21 А вось сыны Пэрэса: Эсром, ад якога — род Эсрома: Гамул, ад якога — род Гамула. 22 Гэта роды Юды, агульная колькасць якіх — семдзесят шэсць тысяч пяцьсот. 23 Сыны Ісахара па родах сваіх: Тола, ад якога — род Толы; Пува, ад якога — род Пувы; 24 Ясуб, ад якога — род Ясуба; Сэмрон, ад якога — род Сэмрона. 25 Такія роды Ісахара, агульная колькасць якіх — шэсцьдзесят чатыры тысячы трыста. 26 Сыны Забулона па іх родах: Сарэд, ад якога — род Сарэда; Элон, ад якога — род Элона; Яхэлэль, ад якога — род Яхэлэля. 27 Гэта роды Забулона, агульная колькасць якіх — шэсцьдзесят тысяч пяцьсот. 28 Сыны Язэпа па іх родах: Манаса і Эфраім. 29 З Манасы нарадзіўся Махір, ад якога — род Махіра; Махір быў бацькам Галаада, ад якога — род Галаада. 30 Галаад меў сыноў: Язэра, ад якога — род Язэра; і Гэлека, ад якога — род Гэлека; 31 і Асрыэля, ад якога — род Асрыэля; і Сэхема, ад якога — род Сэхема, 32 і Сэміда, ад якога — род Сэміда; і Хэфэр, ад якога — род Хэфэра. 33 Хэфэр быў бацькам Салпаада, які не меў сыноў, а толькі дачок, імёны якіх: Маала, Ноа, Хэгла, Мэлха і Тэрса. 34 Гэта роды Манасы, і колькасць іх — пяцьдзесят дзве тысячы семсот. 35 А Эфраіма сыны па іх родах былі такія: Сутала, ад якога — род Суталы; Бэхэр, ад якога — род Бэхэра; Тэхен, ад якога — род Тэхена. 36 Далей сынам Суталы быў Эран, ад якога — род Эрана. 37 Такія роды сыноў Эфраіма, колькасць якіх — трыццаць дзве тысячы пяцьсот. Яны нашчадкі Язэпа па сваіх родах. 38 Сыны Бэньяміна па родах сваіх: Бэла, ад якога — род Бэлы; Асбэл, ад якога — род Асбэла; Ахірам, ад якога — род Ахірама; 39 Супам, ад якога — род Супама; Хупам, ад якога — род Хупама. 40 Сыны Бэлы: Арэд і Нааман; ад Арэда паходзіць род Арэда, ад Наамана — род Наамана. 41 Гэта — сыны Бэньяміна па родах сваіх, колькасць іх — сорак пяць тысяч шэсцьсот. 42 Сыны Дана па сваіх родах: Сухам, ад якога — род Сухама; гэта — роды Дана па сваіх пакаленнях: 43 усе былі сыны Сухама, колькасць іх — шэсцьдзесят чатыры тысячы чатырыста. 44 Сыны Асэра па родах іх: Емна, ад якога — род Емны; Ішві, ад якога — род Ішві; Бэрыя, ад якога — род Бэрыі. 45 Сыны Бэрыі: Гебэр, ад якога — род Гебэра, і Мэлхіэль, ад якога — род Мэлхіэля. 46 А дачкі Асэра імя было Сараі. 47 Гэта — роды сыноў Асэра, колькасць іх — пяцьдзесят тры тысячы чатырыста. 48 Сыны Нэфталі па іх родах: Ясіэль, ад якога — род Ясіэля; Гуні, ад якога — род Гуні; 49 Язэр, ад якога — род Язэра, Шылем, ад якога — род Шылема. 50 Гэта — роды сыноў Нэфталі па сваіх пакаленнях, колькасць іх — сорак пяць тысяч чатырыста. 51 Агульная колькасць сыноў Ізраэля, што былі палічаны, — шэсцьсот адна тысяча семсот трыццаць. 52 Потым сказаў Госпад Майсею, кажучы: 53 «Паміж імі будзе падзелена зямля на ўласнасць паводле ліку імёнаў. 54 Больш шматлікім большую частку дасі; менш шматлікім — меншую; і кожнаму асобна, як цяпер яны былі палічаны, будзе дадзена уласнасць; 55 зямля павінна быць падзелена жэрабем. Спадчыну маюць атрымаць паводле колькасці пакаленняў бацькоў сваіх. 56 Жэрабем трэба падзяліць уласнасць між вялікімі і малымі родамі». 57 А гэта колькасць сыноў Леві па іх родах: Гэрсон, ад якога — род Гэрсона; Кагат, ад якога — род Кагата; Мэрары, ад якога — род Мэрары. 58 Гэта — роды Леві: род Лобні, род Геброна, род Махалі, род Мусі, род Корэ. Кагат жа быў бацькам Амрама, 59 які меў жонку Ёхабэд, дачку Леві, якая нарадзілася яму ў Егіпце. Яна нарадзіла Амраму, мужу свайму, сыноў Аарона і Майсея і сястру іх Мірыям. 60 Аарон меў сыноў: Надаба, Абігу, Элеязэра і Ітамара, 61 з якіх Надаб і Абігу памерлі, калі прынеслі чужы агонь перад аблічча Госпада. 62 І ўсіх, каго палічылі, было дваццаць тры тысячы мужчын ад аднаго месяца і вышэй; бо яны не былі палічаны сярод сыноў Ізраэля і не была дадзена ім уласнасць разам з іншымі. 63 Гэта колькасць сыноў Ізраэля, пералічаных Майсеем і Элеязэрам святаром на раўнінах Мааба, над Ярданам, насупраць Ерыхона; 64 між імі не было нікога з тых, каго Майсей і Аарон лічылі ў пустыні Сінай: 65 бо прадказаў ім Госпад, што ўсе яны перамруць у пустыні; і не застанецца з іх у жывых ніводзін, апрача Калеба, сына Ефоны, і Ешуа, сына Нуна. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)