Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЕРАМІІ 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЕРАМІІ 15

1 І сказаў Госпад мне: «Калі б нават Майсей і Самуэль сталі перада Мною, душа Мая не з гэтым народам! Выгані іх ад аблічча Майго, няхай ідуць прэч!

2 А калі табе скажуць: “Куды пойдзем?”, адкажаш ім: гэта кажа Госпад: “Хто на смерць — на смерць, хто пад меч — пад меч, хто на голад — на голад, хто ў няволю — у няволю”.

3 І Я дапушчу на іх чатыры віды, — кажа Госпад, — меч, каб забіваў; сабак, каб разрывалі; птушак паднебных і звяроў зямных, каб жэрлі і нішчылі.

4 І аддам іх на абурэнне ўсім царствам зямлі дзеля Манасы, сына Эзэкіі, цара Юдэйскага, за ўсё тое, што ён учыніў у Ерузаліме.

5 Хто ж бо злітуецца над табою, Ерузалім? Або хто паспачувае табе? Хто падыдзе, каб запытацца, як табе вядзецца?

6 Ты ж Мяне адкінуў, — кажа Госпад, — адышоў назад. І Я выцягнуў руку Маю над табою ды знішчыў цябе. Стаміўся Я літаваць!

7 Я адвеяў іх веялкай у брамах зямлі; пазбавіў патомства ды выгубіў Свой народ, але яны не вярнуліся са шляхоў сваіх!

8 Удоў іх у Мяне стала больш, чым пяску ў моры. Я прывёў на іх і на мацерак ваяра, нішчыцеля апоўдні; наслаў на іх раптоўна трывогу і жах.

9 Самлела тая, што сямёра нарадзіла, аддала душу сваю. Зайшло яе сонца, хоць яшчэ дзень быў, ахапіў яе сорам і пачырванела. А рэшткі іх Я аддам пад меч на віду ворагаў іх», — кажа Госпад.

10 «Гора мне, маці мая, што мяне нарадзіла, бо нарадзіла ты мяне, чалавека звадкі і чалавека нязгоды на ўсёй зямлі! Не пазычаю і не даю нікому пазыкі, але ўсе мяне праклінаюць.

11 Сапраўды, Госпадзе, я служыў Табе добра, заступаўся перад Табою за ворага ў час бяды і ў час трывогі.

12 Ці ж крышыцца жалезам жалеза з поўначы і медзь?»

13 «Багацце тваё і скарбы твае Я аддам на рабунак без платы, дзеля ўсіх грахоў тваіх па ўсіх межах тваіх.

14 Ды аддам цябе служыць ворагам тваім у зямлю, якой не ведаеш, гнеў бо Мой загарэўся агнём і будзе над вамі гарэць».

15 «Ты ведаеш, Госпадзе, дык памятай пра мяне і наведай мяне і адпомсці за мяне тым, якія пераследуюць мяне; не забірай мяне паводле цярплівасці Сваёй, ведай, што дзеля Цябе цярплю я ганьбу.

16 Адкрыліся словы Твае, і праглынуў я іх, і сталася слова Тваё мне на радасць ды на пацеху сэрца майго, бо прызывана імя Тваё нада мною, Госпадзе, Божа Магуццяў.

17 Не сядзеў я на сходзе кпліўцаў і не хваліўся, а сядзеў я адзін пад рукой Тваёй, бо Ты напоўніў мяне гневам.

18 Чаму боль мой стаўся бязмежным, а рана мая безнадзейная, адмаўляецца лячыцца? Стаўся Ты мне як ручай падманны, як воды ненадзейныя».

19 Таму вось што кажа Госпад: «Калі ты навернешся, Я навярну цябе, і ты станеш перад абліччам Маім; а калі аддзеліш каштоўнае ад нікчэмнага, будзеш, як вусны Мае. Тады яны самі звернуцца да цябе, а ты не будзеш звяртацца да іх.

20 І Я зраблю цябе для гэтага народа моцным медным мурам, і будуць яны ваяваць супраць цябе, і не перамогуць, бо Я з табою, каб збаўляць і ратаваць цябе, — кажа Госпад. —

21 І Я вызвалю цябе з рук ліхотнікаў і збаўлю цябе з рук гвалтаўнікоў».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)