1 Зрабі ахвярнік з дрэва акацыі, які хай мае пяць локцяў у даўжыню, столькі ж у шырыню, гэта значыць чатырохвугольны, і тры локці ў вышыню. 2 І хай будуць рогі ад яго на чатырох вуглах, і зрабі гэта з медзі. 3 І зрабі дзеля ўжывання яго папяльніцы, каб збіраць у іх попел, а таксама гаршкі, вугальныя лапаткі, крапільніцы і кадзільніцы; усе прыналежнасці зрабі з медзі. 4 І для яго зрабі краты медныя накшталт сеткі, і на іх чатырох вуглах хай будуць чатыры кольцы з медзі, 5 і ўмацуеш іх знізу пад краем ахвярніка, хай краты будуць аж да сярэдзіны ахвярніка. 6 Зрабі і дзве жэрдкі да ахвярніка з дрэва акацыі, якія пакрый меднымі пласцінамі, 7 і прасунь іх у кольцы, хай будуць яны з абодвух бакоў ахвярніка, каб яго пераносіць. 8 Зрабі яго з дошак, пусты ён унутры; як было паказана табе на гары, хай так зробяць. 9 Зрабі і панадворак скініі; на паўднёвым баку якога заслоны хай будуць з кручанага вісону: адзін бок хай мае ў даўжыню сто локцяў; 10 і дваццаць слупоў і столькі ж падножжаў з медзі, і аплікі на слупах і кольцы з срэбра. 11 Такім жа чынам на паўночным баку: хай будуць заслоны сто локцяў у даўжыню; і слупоў дваццаць, і падножжы медныя той жа колькасці, і аплікі слупоў, і кольцы іх — срэбраныя. 12 Па шырыні ж панадворка з заходняга боку хай будуць заслоны ў пяцьдзесят локцяў, і слупоў дзесяць, і падножжаў столькі ж. 13 Па шырыні ж панадворка, што глядзіць на ўсход, хай будуць пяцьдзесят локцяў, сярод якіх 14 на адным баку хай налічваюцца заслоны ў пятнаццаць локцяў, і тры слупы і столькі ж падножжаў. 15 І заслоны з другога боку хай будуць мець пятнаццаць локцяў, слупы — тры, і падножжы — столькі ж. 16 А пры ўваходзе ў панадворак заслона ў дваццаць локцяў з гіяцынту і пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, залататканай работы; хай мае чатыры слупы і столькі ж падножжаў. 17 Усе слупы панадворка павінны быць абхоплены кругом срэбранымі кольцамі, а іх аплікі хай будуць срэбранымі, а падножжы — медныя. 18 У даўжыню панадворак зойме сто локцяў, у шырыню — пяцьдзесят, а вышыня хай будзе пяць локцяў; і ўсё хай будзе з кручанага вісону, і хай мае медныя падножжы. 19 Усе прыналежнасці скініі для ўсякага ўжытку ў ёй і ўсе яе калкі і ўсе калкі панадворка зрабі з медзі. 20 Загадай сынам Ізраэля, каб прынеслі табе алей найчысцейшы з аліўкавых дрэў і націсканы з дапамогаю таўкача, каб гарэла святло заўсёды 21 у палатцы сустрэчы па-за заслонай, што павешана перад сведчаннем. І будуць запальваць яго Аарон і сыны яго, каб ад вечара да раніцы гарэў перад абліччам Госпадавым. Гэта хай будзе пастанова вечная на ўсе пакаленні для сыноў Ізраэля. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)