Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


БЫЦЦЁ 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
БЫЦЦЁ 15

1 Пасля гэтых здарэнняў сталася слова Госпада, прамоўленае да Абрама ў бачанні: «Не бойся, Абраме! Я — абаронца твой, і ўзнагарода твая вельмі вялікая».

2 Абрам сказаў: «О Госпадзе Божа, што Ты дасі мне? Я пайду без дзяцей, і спадкаемцам дома майго будзе Эліязэр з Дамаска».

3 І дадаў Абрам: «Вось жа, не даў Ты мне нашчадка, дык вось, у доме маім паслугач будзе маім спадкаемцам».

4 Але вось, сталася слова Госпада да яго: «Не ён будзе спадкаемцам тваім, але той, які выйдзе з нутра твайго, яго будзеш мець спадкаемцам».

5 І вывеў яго Бог вонкі і сказаў яму: «Глянь на неба і палічы зоркі, калі зможаш». І сказаў яму: «Такім будзе патомства тваё».

6 І паверыў ён Госпаду, і Ён залічыў гэта яму за заслугу.

7 І сказаў яму: «Я — Госпад, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю ва ўласнасць».

8 А ён сказаў: «Госпадзе Божа, з чаго магу ведаць, што я буду валодаць ёю?»

9 Прамовіў Госпад у адказ: «Вазьмі Мне трацячку ялаўку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, туркаўку і галуба».

10 Дык узяўшы ўсё гэта, Абрам паперасякаў іх уздоўж на палавіны і абедзве часткі паклаў адну насупраць другой; але птушак не перасякаў.

11 Калі ж да гэтага мяса пачалі злятацца птушкі драпежныя, Абрам адганяў іх.

12 А калі сонца хілілася на захад, моцны сон ахапіў Абрама, і вось, страх вялікі і цёмны апанаваў яго.

13 І было сказана яму: «Ведай гэта наперад, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і аддадуць іх у няволю, і прыгнятаць будуць чатырыста гадоў;

14 але народ, якому будуць яны служыць, Я асуджу, і пасля таго выйдуць яны з вялікай маёмасцю.

15 Ты, вось, пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, у добрай старасці будзеш пахаваны.

16 Твае нашчадкі вернуцца сюды ў чацвёртым пакаленні, бо мера злачынстваў амарэяў яшчэ не споўнілася аж да цяперашняга часу».

17 І калі ўжо зайшло сонца і сталася непраніцальная цемра, паказаўся дым, як бы з печы, і вогненная лампада, што прайшла між рассечанымі жывёламі.

18 У той дзень, вось, заключыў Госпад з Абрамам пагадненне, кажучы: «Я дам гэтую зямлю нашчадкам тваім, ад ручая Егіпецкага аж да вялікай ракі Эўфрат:

19 разам з кінэямі, і кенэзеямі, і кадманеямі,

20 і хетэямі, і феразеямі, а таксама з рэфаімамі,

21 і амарэямі, і хананеямі, і гергесеямі, і евусеямі».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)