БЫЦЦЁ 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А Сараі, жонка Абрама, не нарадзіла яму дзяцей, але мела яна нявольніцу егіпцянку на імя Агар. 2 І сказала яна мужу свайму: «Вось, зачыніў Госпад мяне, каб я не нараджала; дык увайдзі да паслугачкі маёй, можа, з яе атрымаю сыноў». І той суцешыўся яе просьбай. 3 І ўзяла яна сваю паслугачку Агар, егіпцянку, і дала яе за жонку мужу свайму Абраму, калі ўжо мінула дзесяць гадоў, як Абрам пасяліўся ў зямлі Ханаан. 4 І ўвайшоў ён да яе. І яна, бачачы, што пачала, стала пагарджаць гаспадыняй сваёй. 5 Тады сказала Сараі Абраму: «Крыўдзіш ты мяне; я табе дала паслугачку сваю на ўлонне тваё, і яна, чуючыся, што пачала, пагарджае мною. Хай Госпад будзе суддзёю між мною і табой». 6 Прамовіў ёй Абрам у адказ: «Вось, паслугачка твая ў руках тваіх, зрабі з ёй, як табе падабаецца». Сараі тады стала прыгнятаць яе, і яна ўцякла ад яе. 7 Калі Анёл Госпадаў знайшоў яе паблізу крыніцы водаў у пустыні, каля крыніцы пры дарозе на Сур, 8 сказаў ёй: «Агар, паслугачка Сараі, адкуль ты ідзеш і куды?» Яна адказала: «Я ўцякаю ад гаспадыні сваёй Сараі». 9 Сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вярніся да гаспадыні сваёй і пакорна падпарадкуйся ёй». 10 І Анёл Госпадаў паведаміў ёй: «Багата размножу нашчадкаў тваіх, і нельга будзе злічыць іх дзеля мноства». 11 І далей сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вось, ты пачала і народзіш сына, і назавеш яго імем Ізмаэль, таму што Госпад пачуе пра гора тваё. 12 Ён будзе чалавекам, падобным да дзікага асла, будзе ён ваяваць супраць усіх і ўсе супраць яго: і будзе ён ставіць палаткі ва ўсіх акругах братоў сваіх». 13 І назвала імя Госпада, Які прамаўляў да яе: «Ты Бог, Які бачыш мяне». І сказала яна: «Напэўна, бачыла я з плячэй Таго, Хто бачыць мяне». 14 Дзеля таго студню гэтую назвалі Бээр-Лахай-Рой. Яна паміж Кадэсам і Барэдам. 15 І нарадзіла Агар Абраму сына. І Абрам назваў народжанага Агар сына свайго імем Ізмаэль. 16 Абрам меў восемдзесят шэсць гадоў, калі Агар нарадзіла яму Ізмаэля. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)