Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


АСІІ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
АСІІ 8

1 Вазьмі трубу ў вусны свае! Хай як арол — па-над домам Госпада дзеля таго, што пераступілі прымірэнне Маё і спракудзіліся супраць закону Майго.

2 Клічуць Мяне: «Божа Мой, мы ведаем Цябе, мы Ізраэль».

3 Адкінуў Ізраэль дабро, дык непрыяцель будзе пераследаваць яго,

4 самі ўстанаўлялі цароў, але без Маёй волі; прызначалі князёў — але Я не ведаў; са срэбра свайго і са свайго золата зрабілі сабе ідалаў на сваю загубу.

5 Адкінутае цяля тваё, Самарыя; узгарэўся гнеў Мой на іх. Дакуль жа не змогуць ачысціцца?

6 Бо з Ізраэля і само яно: яго мастак зрабіў, і яно не бог; вось жа, на кавалкі рассыплецца цяля самарыйскае.

7 Раз вецер будуць сеяць, жаць будуць буру; калі не будзе ў ёй коласа, расліна не дасць мукі, а калі і дала — чужыя з’ядуць яго.

8 Праглынуты Ізраэль, і цяпер між народамі стаўся ён, як нячыстая пасудзіна.

9 Яны бо пайшлі да Асірыі, як асёл дзікі, адзінокі, Эфраім жа набыў сабе супольнікаў падарункамі.

10 Але хоць таварам падкупілі б народы, але збяру іх, і трымцець будуць скора пад цяжарам цара, князёў.

11 Хоць павялічыў Эфраім ахвярнікі за грахі, сталіся яму ахвярнікі на грэх.

12 Напісаў Я ім многа Сваіх законаў, але былі яны палічаны за чужыя.

13 Любяць ахвяры крывавыя, складаюць з мяса ахвяры і ядуць; але Госпад не прыме іх. Успамяне Ён цяпер іх правіны і пакарае за грахі іх: яны вернуцца ў Егіпет.

14 «Ты забыўся Ізраэль пра свайго Творцу і пабудаваў капішчы; а Юда пабудаваў шмат гарадоў умацаваных. Але Я пашлю агонь на гарады яго, і ён паглыне крэпасці яго».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)