АСІІ 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Калі захацеў вылечыць Ізраэля, яўнай сталася праступнасць Эфраіма і ліхота Самарыі, бо яны дапусціліся лгарства: злодзей уваходзіць, а на дварэ рабуюць разбойнікі. 2 Яны не думаюць у сэрцах сваіх, што Я памятаю ўсе іх злачынствы, цяпер акружаюць іх учынкі іх, яны — перад абліччам Маім. 3 Сваёй пераваротнасцю ўзрадавалі цара, а лгарствамі сваімі — князёў. 4 Усе яны чужаложнікі: яны — як прапаленая печ, пекар перастае раздуваць агонь, калі месіць цеста, аж пакуль яно не скісне. 5 У дзень цара нашага князі самлелі ад гарачкі віна, яно апанавала дзёрзкіх. 6 Бо яны распалілі інтрыгамі сэрца сваё, як печ; усю ноч засынаў гнеў іх, нараніцы ж гарыць ён, як полымя агню. 7 Усе яны распалены, як печ, і пажыраюць суддзяў сваіх; усе цары іх папрападалі, няма з іх нікога, хто прызываў бы Мяне, 8 Эфраім памяшаўся з народамі, Эфраім — печаны ў прысаку хлеб, які не варочалі. 9 Чужыя спажываюць сілу яго, а ён не ведае; сівізна пакрыла яго, а ён не ведае. 10 Пыха Ізраэля сведчыць сама за сябе, але яны не навярнуліся да Госпада, Бога свайго, і ва ўсім гэтым не шукалі Яго. 11 Вось, стаўся Эфраім, як галубіца неразумная, што не мае развагі; клікалі ў Егіпет, пайшлі ў Асірыю. 12 І калі яны пойдуць, закіну Я на іх нерат Свой і схаплю ўсіх, як птушак паднебных, пакараю іх паводле таго, што чулі на сваім сходзе. 13 Гора ім, бо яны адступілі ад Мяне! Будуць знішчаны, бо яны адвярнуліся ад Мяне. Усё ж такі адкуплю іх, хоць бы яны гаварылі лгарства супраць Мяне. 14 Не прызывалі Мяне шчырым сэрцам сваім, калі лямантавалі на ложках сваіх; наразаюць скуру з-за збожжа і віна ды супрацівяцца адносна Мяне. 15 Я ж вучыў іх і ўзмацоўваў плячо іх, а яны супраць Мяне задумваюць ліхоту. 16 Звяртаюцца да таго, хто не дапаможа, сталіся, як лук падманны; падуць ад меча князі іх дзеля нястрыманасці языка свайго: такое пасмяянне з іх у зямлі Егіпецкай. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)