1 «Хадземце, вернемся да Госпада, бо Ён скалечыў нас і вылечыць нас, Ён нас пабіў і аздаравіць нас. 2 Па двух днях верне нам жыццё, а трэцяга дня — падыме нас, і будзем жыць у прысутнасці Яго. 3 Пазнавайма, парупімся пазнаць Госпада. Быццам зараніца, прыгатаваны прыход Яго, і прыйдзе Ён, як дождж своечасовы да нас, як дождж позні, што абвадняе зямлю». 4 «Што ўчыню табе, Эфраім? Што зраблю табе, Юда? Любоў ваша, як ранняя хмара і як раса ранняя, нясталая». 5 Дзеля таго абцёсваў Я іх праз прарокаў, забіваў іх словамі вуснаў Маіх, і закон Мой, як святло, узыдзе; 6 літасці бо жадаю, а не ахвяры, і пазнання Бога больш, чым цэласпалення. 7 Яны ж ужо ў Адаме парушылі дамову і там адвярнуліся ад Мяне. 8 Галаад — горад злачынцаў, спаганены крывёю. 9 Збор святароў падобны да разбойнікаў, што цікуюць на чалавека; на дарозе забіваюць яны тых, што ідуць у Сіхэм, дапускаюцца сапраўднага злачынства. 10 У доме Ізраэля бачу Я жудасці: там Эфраім жыве распусна, спаганіўся Ізраэль. 11 Але і табе, Юда, прыгатавана жніво, калі вярну палон Майго народа. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)