Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


МІХЕЯ 6 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
МІХЕЯ 6

Міх 6

1 Слухайце, што кажа Гасподзь; устань, судзіся перад гарамі, і пагоркі няхай чуюць голас твой!

2 Слухайце, горы, суд Гасподні, і вы, цьвёрдыя асновы зямлі, бо ў Госпада - суд з народам Сваім, і зь Ізраілем Ён спаборнічае.

3 Народзе мой! што зрабіў Я табе і чым абцяжарваў цябе? адказвай Мне.

4 Я вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай і выкупіў цябе з дома рабства і паслаў перад табою Майсея, Арона і Марыям.

5 Народзе Мой! успомні, што намышляў Валак, цар Маавіцкі, і што адказваў яму Валаам, сын Вэораў і што рабілася ад Сітыма да Галгалаў, каб спазнаць табе праведня дзеі Гасподнія.

6 «З чым стаць мне перад Госпадам, пакланіцца перад Богам Нябесным? Ці стаць перад Ім з цэласпаленьнямі, зь цялятамі-аднагодкамі?

7 Але ці можна дагадзіць Госпаду тысячамі бараноў альбо безьлічнымі патокамі алею? Ці ж бо дам Яму першынца майго за злачынства маё і плод чэрава майго - за грэх душы маёй?»

8 О, чалавеча! сказана табе, што - дабро, і чаго патрабуе ад цябе Гасподзь: дзейнічаць справядліва, любіць справы міласэрнасьці і пакорнамудра хадзіць перад Богам тваім.

9 Голас Госпада кліча да горада, і мудрасьць нямее перад імем Тваім: слухайце жазло і Таго, хто паставіў яго.

10 Ці не знаходзяцца і цяпер у доме ў бязбожнага скарбы бязбожнасьці і паменшаная мера, агідная?

11 Ці магу я быць чысты з вагамі няправільнымі і з падманнымі гірамі ў торбе?

12 Так і гэтак багацеі яго поўныя няпраўды, і жыхары яго кажуць ману, і язык іхні ёсьць падман у вуснах іхніх,

13 дык і Я нявылечна ўражу цябе спусташэньнем за грахі твае.

14 Ты будзеш есьці - і ня будзеш сыты; пустата будзе ўсярэдзіне ў цябе; будзеш ашчаджаць, але не ашчадзіш, а што ашчадзіш, тое аддам мечу.

15 Будзеш сеяць, а жаць ня будзеш; будзеш чавіць алівы - і ня будзеш умашчвацца алеем; начавіш вінаграднага соку, а віна піць ня будзеш.

16 Захаваліся ў вас звычаі Аўрамія і ўсе справы дому Ахававага, і вы робіце паводле парадаў іхніх; і аддам Я цябе спусташэньню і жыхароў тваіх - пасьмяяньню, і вы панесяце нагану народу Майго.