Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ВЫХАД 1 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ВЫХАД 1

Вых 1

1 Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія ўвайшлі ў Егіпет зь Якавам, увайшлі кожны з домам сваім:

2 Рувім, Сымон, Лявій і Юда,

3 Ісахар, Завулон і Веньямін,

4 Дан і Нэфталім, Гад і Асір.

5 А ўсіх душаў, што выйшлі са сьцёгнаў Якава, было семдзесят (пяць), а Язэп быў ужо ў Егіпце.

6 І памёр Язэп і ўсе браты ягоныя і ўвесь род іхні;

7 а сыны Ізраілевыя плодзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі.

8 І паўстаў у Егіпце новы цар, які ня ведаў Язэпа,

9 і сказаў народу свайму: вось, народ сыноў Ізраілевых шматлікі і дужэйшы за нас;

10 перахітрым жа яго, каб ён ня множыўся; інакш, калі здарыцца вайна, злучыцца ён з нашымі няпрыяцелямі, і ўзброіцца супроць нас, і выйдзе зь зямлі.

11 І паставіў над ім упраўцаў працы. І ён пабудаваў фараону Пітом і Раамсэс, гарады пад склады.

12 Але чым болей тамілі яго, тым болей ён множыўся і тым болей пашыраўся, так што пабойваліся сыноў Ізраілевых.

13 І таму Егіпцяне жорстка прымушалі сыноў Ізраілевых да працы,

14 і рабілі жыцьцё іхняе горкім ад цяжкай працы над глінаю і цэглаю і ад усякай працы польнай, ад усякай працы, да якое прымушалі іх жорстка.

15 Цар Егіпецкі загадаў бабкам-павітухам Габрэек, імя адной зь якіх Шыфра, а другое Фуа,

16 і сказаў: калі вы будзеце спавіваць у Габрэек, дык назірайце пры родах: калі будзе сын, дык аддавайце яго сьмерці, а калі дачка, дык няхай жыве.

17 Але бабкі-павітухі баяліся Бога і не рабілі так, як казаў ім цар Егіпецкі, і пакідалі дзяцей жывых.

18 Цар Егіпецкі паклікаў бабак-павітухаў і сказаў ім: навошта вы робіце такую справу, што пакідаеце дзяцей жывых?

19 Бабкі-павітухі сказалі фараону: Габрэйскія жанчыны не такія, як Егіпецкія: яны здаровыя, бо перш чым прыйдзе да іх бабка-павітуха, яны ўжо родзяць.

20 За гэта Бог рабіў дабро бабкам-павітухам, а народ множыўся і вельмі памацняўся.

21 І як што бабкі-павітухі баяліся Бога, дык ён уладжваў дамы іхнія.

22 Тады фараон усяму народу свайму загадаў, кажучы: кожнага народжанага сына кідайце ў раку, а кожную дачку пакідайце жывою.