Суд 121 І вось, сабраліся мужчыны Эфраіма, і прыйшлі ў Цафан, і сказалі Ефтаху: «Чаму пайшоў ты ваяваць з сынамі Амона і не паклікаў нас, каб мы ішлі з табой? За гэта мы спалім дом твой разам з табою». 2 І сказаў ім Ефтах: «Я і народ мой мелі вялікае змаганьне з сынамі Амона. І я клікаў вас на дапамогу, але вы ня збавілі мяне ад рукі іхняй. 3 І ўбачыў я, што няма збаўцы, і палажыў душу маю на далоні мае, і пайшоў на сыноў Амона, і выдаў іх ГОСПАД у рукі мае. Чаму сёньня вы падымаецеся ваяваць супраць мяне?» 4 І Ефтах сабраў да сябе ўсіх мужчынаў Гілеаду, і ваяваў супраць Эфраіма. І пабілі ваяры Гілеадзкія Эфраіма, бо той казаў: «Вы — уцекачы з Эфраіма. Гілеад жыве пасярод Эфраіма і Манасы». 5 І занялі Гілеадцы броды на Ярдане, якімі Эфраімцы маглі вярнуцца. І калі казалі ўцекачы Эфраімцы: «Дазвольце мне прайсьці», Гілеадцы казалі яму: «Ці ты Эфраімец?» Калі той казаў: «Не», 6 казалі яму: «Скажы: “Шыболет”». І той казваў: «Сіболет», бо ня мог правільна вымавіць. І бралі яго, і забівалі каля броду на Ярдане. Гэтак загінула ў той час у Эфраіма сорак дзьве тысячы. 7 І Ефтах судзіў Ізраіля шэсьць гадоў, і памёр, і быў пахаваны ў горадзе сваім у Гілеадзе. 8 Пасьля яго судзіў Ізраіля Ібцан з Бэтлеему. 9 Ён меў трыццаць сыноў і трыццаць дочак, і пааддаваў іх замуж за межы свае, а адтуль прывёў трыццаць жонак для сыноў сваіх. Ён судзіў Ізраіля сем гадоў. 10 І памёр Ібцан, і быў пахаваны ў Бэтлееме. 11 Пасьля яго судзіў Ізраіля Элон Завулёнец, і судзіў ён Ізраіля дзесяць гадоў. 12 І памёр Элон, і быў пахаваны ў Аялоне ў зямлі Завулёна. 13 Пасьля яго судзіў Ізраіля Абдон, сын Гілеля з Піратону. 14 Ён меў сорак сыноў і трыццаць унукаў, якія езьдзілі на сямідзесяці маладых аслах. Судзіў ён Ізраіля восем гадоў. 15 І памёр Абдон, сын Гілеля з Піратону, і пахаваны быў у Піратоне, у зямлі Эфраіма на гары Амалека. |