СУДЗЬДЗЯЎ 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Суд 11 1 А Ефтах Гілеадзец быў мужным ваяром. Быў ён сын распусьніцы, а бацькам ягоным быў Гілеад. 2 Гілеад меў жонку, ад якой меў сыноў, якія, калі вырасьлі, выгналі Ефтаха, кажучы: «Ня можаш быць спадкаемцам у доме бацькі нашага, бо ты нарадзіўся з другой жанчыны». 3 І ён уцёк ад іх, і жыў у зямлі Тоб, і сабраліся пры ім людзі бадзяжныя, і выходзілі з ім. 4 У тыя дні сыны Амона ваявалі супраць Ізраіля. 5 У час вайны Амона з Ізраілем прыйшлі старшыні Гілеадзкія ўзяць у дапамогу сабе Ефтаха з зямлі Тоб. 6 І сказалі яны Ефтаху: «Хадзі і будзь нам правадыром, і будзем ваяваць супраць сыноў Амона». 7 Ён ім адказаў: «Ці ж вы не зьненавідзелі мяне і ня выкінулі мяне з дому бацькі майго? А цяпер прыходзіце да мяне, калі бяда вас прыціснула». 8 І адказалі яму князі Гілеаду: «Вось з гэтай прычыны і прыйшлі мы да цябе, каб ты пайшоў з намі, і ваяваў супраць сыноў Амона, і будзеш правадыром усіх, што жывуць у Гілеадзе». 9 І сказаў Ефтах старшыням Гілеадзкім: «Калі вы клічаце мяне, каб я ваяваў за вас супраць сыноў Амона, і калі аддасьць іх ГОСПАД у рукі мае, я буду начальнікам вашым». 10 І сказалі старшыні Гілеадзкія Ефтаху: «ГОСПАД, Які чуе гэта, будзе пасярэднікам і сьведкам, што споўнім слова тваё». 11 І пайшоў Ефтах з князямі Гілеаду, і ўвесь народ зрабіў яго правадыром сваім. І ўсе гэтыя словы свае сказаў Ефтах перад ГОСПАДАМ у Міцпе. 12 І паслаў Ефтах пасланцоў да валадара сыноў Амона, каб яны сказалі ім ад яго: «Што табе і мне, што ты прыйшоў ваяваць супраць мяне?» 13 Валадар сыноў Амона ім адказаў: «Бо Ізраіль забраў зямлю маю, калі выйшаў з Эгіпту, ад Арнону аж да Ябоку і Ярдану. Вярні мне яе цяпер без вайны». 14 І зноў выправіў Ефтах пасланцоў да валадара Амону і сказаў: 15 «Гэта кажа Ефтах. Не забраў Ізраіль ані зямлі Мааву, ані зямлі сыноў Амона. 16 Але калі Ізраіль выходзіў з Эгіпту, ён вандраваў праз пустыню аж да Мора Чырвонага, і потым прыйшоў у Кадэш. 17 І паслалі яны пасланцоў да валадара Эдому, кажучы: “Дазволь, каб прайшлі мы праз зямлю тваю”. Але ён не згадзіўся на просьбу нашу. Паслалі таксама і да валадара Мааву, але і ён не захацеў прапусьціць. І заставаўся Ізраіль у Кадэшы. 18 І, абыходзячы праз пустыню, абыйшоў кругом зямлю Эдому і зямлю Мааву і, прыйшоўшы на ўсход ад зямлі Мааву, разлажыўся табарам за Арнонам, не ўваходзячы ў зямлю Мааву, бо Арнон ёсьць мяжой Мааву. 19 І паслаў Ізраіль пасланцоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, валадара Хешбону, і сказаў яму: “Дазволь перайсьці нам праз зямлю тваю да месца свайго”. 20 Але Сыгон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля праз межы свае. Ён сабраў увесь народ свой, і выступіў супраць Ізраіля ў Ягцы, і ваяваў з ім. 21 Але аддаў ГОСПАД у рукі Ізраіля яго і ўсё войска ягонае. Ізраіль перамог яго і завалодаў усёй зямлёй Амарэйцаў, жыхароў краіны гэтай, 22 усімі межамі іхнімі ад Арнону да Ябоку, і ад пустыні аж да Ярдану. 23 ГОСПАД, Бог Ізраіля, выгнаў Амарэйцаў перад народам Сваім, Ізраілем, а ты цяпер хочаш захапіць зямлю ягоную? 24 Ці ня ўсё тое, што даў табе бог твой Камош на ўласнасьць, табе належыць? А што ГОСПАД, Бог наш, даў нам, мы маем на ўласнасьць. 25 Ці ты лепшы за Балака, сына Цыпора, валадара Мааву? Ці ж сварыўся ён з Ізраілем і ці ваяваў супраць яго? 26 Ізраіль жыве ў Хешбоне і ў ваколіцах ягоных, і ў Араэры і ў ваколіцах ягоных, і ў-ва ўсіх гарадах каля Арнону ўжо трыста гадоў. Чаму ў той час вы ня выгналі іх? 27 Дык ня я грашу адносна цябе, але ты супраць мяне несправядліва выходзіш з вайною. Няхай ГОСПАД рассудзіць сёньня справу між сынамі Ізраіля і сынамі Амона!» 28 Але валадар сыноў Амона не захацеў прыняць слова Ефтаха, якія ён пераказаў праз пасланцоў. 29 І Дух ГОСПАДА быў на Ефтаху, і ён прайшоў Гілеад і Манасу, і прыйшоў у Міцпу ў Гілеадзе, а адтуль — да сыноў Амона. 30 І склаў ён шлюбаваньне ГОСПАДУ: «Калі Ты аддасі сыноў Амона ў рукі мае, 31 калі я буду вяртацца з мірам ад сыноў Амона, што выйдзе першым з брамы дому на спатканьне мне, тое я складу ў цэласпаленьне ГОСПАДУ». 32 І пайшоў Ефтах супраць сыноў Амона ваяваць з імі, і аддаў ГОСПАД іх у рукі ягоныя. 33 І разьбіў ён іх на абшары ад Араэру аж да мясцовасьцяў Мініт, а гэта дваццаць гарадоў, і далей аж да Абэль-Кераміму. І параза іхняя была вялікая. І былі ўпакораныя сыны Амона перад абліччам сыноў Ізраіля. 34 І вярнуўся Ефтах у Міцпу ў дом свой, і выйшла насустрач яму дачка ягоная, скачучы пры гуках бубнаў. А Ефтах ня меў апроч яе дзяцей. 35 І ён убачыў яе, і разьдзёр адзеньне сваё, і сказаў: «Ах, дачка мая! Ты зламала мяне! Ты ў ліку тых, якія нешчасьлівяць мяне! Адчыніў я вусны мае ГОСПАДУ і не магу выракчыся гэтага». 36 Яна яму адказала: «Тата мой, калі ты адкрыў вусны твае перад ГОСПАДАМ, зрабі мне, што ты шлюбаваў, дзеля дадзенай табе ГОСПАДАМ перамогі над ворагамі тваімі, сынамі Амона». 37 І гаварыла яна бацьку: «Толькі аднаго прашу. Дазволь мне на працягу двух месяцаў з сяброўкамі маімі абыйсьці горы кругом і аплакаць дзявоцтва маё». 38 І ён адказаў ёй: «Ідзі!» І адпусьціў яе на два месяцы. І пайшла яна з сяброўкамі, і аплаквала дзявоцтва сваё ў гарах. 39 І праз два месяцы яна вярнулася да бацькі свайго. І ўчыніў ён з ёй, як шлюбаваў, і яна не пазнала мужа. Адсюль узяўся звычай у Ізраіля, 40 што кожны год сыходзіліся на чатыры дні дочкі Ізраіля, каб аплакваць дачку Ефтаха Гілеадца. |