Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


РЫМЛЯНАЎ 3 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
РЫМЛЯНАЎ 3

Рым 3

1 Дык якая перавага Юдэя, ці якая карысьць ад абразаньня?

2 Вялікая ў-ва ўсіх адносінах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.

3 Бо што, калі некаторыя не паверылі? Ці недаверства іхняе зьнішчыць веру Божую?

4 Няхай ня станецца! Бог ёсьць праўдзівы, а ўсякі чалавек хлусьлівы, як напісана: «Каб Ты быў праведны ў словах Тваіх і перамог у судзе Тваім».

5 А калі нашая няправед­насьць зьяўляе праведнасьць Божую, што скажам? Ці Бог, Які выяўляе гнеў, няправедны? Кажу па-чалавечаму.

6 Няхай ня станецца! Бо як жа Бог будзе судзіць сьвет?

7 Бо калі праўда Божая праз маю хлусьлівасьць памнажаецца на славу Ягоную, за што яшчэ мяне судзяць як грэшніка?

8 I ці не рабіць нам благое, каб выйшла добрае, як некаторыя блюзьняць на нас і кажуць, што мы гэтак кажам? Справядлівы суд на такіх!

9 Дык што? Ці мы лепшыя? Зусім не! Бо мы ўжо давялі, што і Юдэі, і Грэкі, — усе пад грэхам,

10 як напісана: «Няма праведнага аніводнага;

11 няма таго, хто разумее; няма таго, хто шукае Бога.

12 Усе ўхіліліся, разам нягодныя; няма таго, хто робіць дабро, няма аніводнага.

13 Горла іхняе — магіла адчыненая; языкамі сваімі ашукваюць, атрута зьмяіная на губах іхніх.

14 Вусны іхнія поўныя абмовы і горычы.

15 Ногі іхнія хуткія на праліцьцё крыві,

16 зьнішчэньне і няшчасьце на шляхах іхніх,

17 і шляху супакою яны не пазналі.

18 Няма страху Божага перад вачыма іхнімі».

19 А мы ведаем, што Закон усё, што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад Законам, каб усе вусны былі загароджаныя і ўвесь сьвет стаўся вінаватым перад Богам,

20 бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела; бо праз Закон пазнаецца грэх.

21 А цяпер, незалежна ад Закону, зьяўлена праведнасьць Божая, засьведчаная праз Закон і Прарокаў,

22 праведнасьць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх тых, якія вераць; бо няма розьніцы,

23 бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае,

24 атрымліваючы апраўданьне дарма ласкай Ягонай праз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе,

25 Якога Бог пастанавіў [быць] ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у [час] цярплівасьці Божае,

26 дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй у цяперашні час, каб быў Ён праведны і апраўдваў таго, хто верыць у Ісуса.

27 Дык дзе тое, чым хваліцца? Выключана. Якім законам? [Законам] учынкаў? Не, але законам веры.

28 Дык мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў Закону.

29 Няўжо Бог толькі Юдэяў, а не паганаў таксама? Так, і паганаў,

30 бо адзін Бог, Які апраўдае абразаньне з веры і неабразаньне праз веру.

31 Дык мы зьнішчаем Закон праз веру? Няхай ня станецца! Але ўсталёўваем Закон.