Пс 741 Навучаньне Асафа. Чаму Ты, Божа, нас назаўсёды адкінуў? Чаму ўзгарэўся гнеў Твой на авечак чарады Тваёй? 2 Узгадай пра грамаду Тваю, якую Ты здаўна набыў, якую бароніш, як кій спадчыны Сваёй, гару Сыён, на якой Ты жывеш! 3 Зьвярні стопы Твае да таго, што загінула назаўсёды, усё панішчыў вораг у сьвятыні. 4 Рыкаюць ненавісьнікі Твае пасярод [намёту] спатканьня Твайго; паставілі на знак [гэтага] знакі свае. 5 Яны падобны да тых, што падымаюць у гушчары лясным сякеру, 6 і цяпер усе рэзьбленыя рэчы ў [сьвятыні] бярдышамі і молатамі крышаць. 7 Яны пусьцілі з агнём сьвятыню Тваю, [кінуўшы] на зямлю, апаганілі сялібу імя Твайго. 8 Сказалі ў сэрцы сваім: «Усё зруйнуем дазваньня!»; папалілі ўсе [месцы] спатканьня з Богам на зямлі. 9 Знакаў нашых ня бачым мы болей; няма больш прарока, і нікога няма, хто б ведаў, як доўга гэта будзе. 10 Як доўга, Божа, будзе зьневажаць прыгнятальнік? Ці заўсёды вораг будзе пагарджаць імем Тваім? 11 Чаму Ты стрымліваеш руку Тваю і правіцу Тваю? Вым яе з-за пазухі Тваёй і ўдар! 12 Бог ёсьць Валадар мой заўсёды, Які збаўленьне дае на зямлі. 13 Ты моцай Тваёй разьдзяліў мора, скрышыў галовы цмокаў у водах. 14 Ты раструшчыў галаву левіятану, аддаў яго на ежу народу, што жыве ў пустыні. 15 Ты расьсек крыніцу і ручай, Ты высушыў рэкі магутныя. 16 Твой ёсьць дзень, і Твая ёсьць ноч; Ты ўмацаваў сьвятло і сонца. 17 Ты назначыў усе межы зямлі; лета і зіму — Ты іх уфармаваў. 18 Памятай пра гэта: вораг зьневажае ГОСПАДА, і народ бязглузды пагарджае імем Тваім! 19 Не аддавай хеўры [гэтай] душу туркаўкі Тваёй; не забудзь назаўсёды грамаду прыгнечаных Тваіх. 20 Узглянь на запавет Твой, бо цёмныя месцы зямлі напоўненыя сялібамі гвалту. 21 Няхай не вяртаецца ўцісьнёны асаромленым, няхай бедныя і прыгнечаныя хваляць імя Тваё! 22 Паўстань, Божа! Змагайся ў справе Тваёй! Узгадай, што бязглузды ганьбіць Цябе кожны дзень. 23 Не забудзь голас ненавісьнікаў Тваіх, гармідар тых, якія паўстаюць супраць Цябе, што ўсьцяж узьнімаецца! |